
Памяці загінуўшых, памяці вечна маладых салдат і афіцэраў, застаўшыхся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, прысвячаецца…
Слаўным ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія перамаглі і падарылі міру жыццё і шчасце — прысвячаецца…
Пакаленню, уступіўшаму ў жыццё, тым, каму сёння 17, тым, хто не ведае, што такое вайна, — прысвячаецца…
Менавіта такімі ўзнёслымі і велічнымі словамі распачалося святкаванне 67-й гадавіны Вялікай Перамогі ў райцэнтры. На плошчы перад Домам Саветаў сабраліся жыхары па-асабліваму расквітнеўшай у гэты дзень Шаркаўшчыны, госці гарадскога пасёлка, каб у чарговы раз аддаць даніну памяці вызваліцелям.
…Фёдар Іванавіч Накоўнікаў, Іван Сямёнавіч Шчарбакоў, Пётр Рыгоравіч Ардынскі, Антанас Баляслававіч Бузеліс, Сяргей Канстанцінавіч Буйка, Адам Адамавіч Гінько, Мікалай Аляксандравіч Качан, Мікалай Іванавіч Буйка, Леанід Іванавіч Сяткоўскі, Якаў Міхайлавіч Глушакоў — вось яны, героі Вялікай Перамогі, якія жывуць сёння сярод нас і праводзяць сярод маладога пакалення вялікую выхаваўчую патрыятычную работу.
Вам, всем, кто вынес ту войну
В тылу, иль на полях сражений,
Принёс победную весну,
Поклон и память поколений!

З прывітальнымі словамі вечнай удзячнасці і бязмежнай любові да прысутных звярнуліся намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта А. А. Цітовіч, ветэран працы М. Ч. Сезянеўскі, ветэран Узброеных Сіл, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане В. М. Куклін, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Дзмітрый Туронак.
Бязлітасная і вераломная вайна сваім чорным крылом накрыла і шаркаўшчынскую зямлю. Восенню 1942 года на тэрыторыі раёна былі спалены жыхары вёсак Кушталі, Свілы, Трабаўшчына, Строна, Журавоўшчына, Куялеўшчына, Белкова, Селібка, Ігнацьева, Падрэзаўшчына, Станіславова, расстраляна каля 700 чалавек.
Спыніся час! Азірніся ў мінулае, азірніся на тых, хто ў камені з вышыні сваіх помнікаў глядзіць на нас. Азірніся на тых, чые прозвішчы на абелісках.
Пылает днём и ночью пламя
И озаряет шар земной,
Не утихает наша память
О тех, кто был убит войной.
Даніна памяці жывых — кветкі і вянкі да падножжаў помнікаў загінуўшым воінам-землякам, камандзіру батарэі 1720 зенітна-артылерыйскага палка, геройскі загінуўшага ў 1944 годзе М. Н. Назарэцяна, памятнага знака воінам-афганцам.

Ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў вянок усклалі Мечыслаў Віктаравіч Морхат і Уладзімір Серафімавіч Шпец.
Таленавіта падыйшлі да падрыхтоўкі сцэнарыя работнікі раённага аддзела культуры. У распрацаваным і ўвасобленым у жыццё сцэнарыі раскрыты вобразы Маці, Салдата-інваліда, Санітаркі… Трапна падабраныя словы не пакінулі раўнадушнымі нікога з прысутных. А прыбавім сюды выступленне артыстаў розных узростаў, смачную салдацкую кашу і яшчэ раз пераканаемся: свята Перамогі шаркаўчане сустрэлі дастойна. Ды па-іншаму яно і быць не магло.
Эдуард КОРСАК.

