Сельгаспрадпрыемствы раёна закончылі абмалот зерневых культур. У цяперашні момант падыходзіць да завяршэння і ўборка яравога рапсу. Усяго па раёне гэту культуру трэба абмалаціць на плошчы 2.642 гектары. Па стане на 3 верасня яравы рапс убраны з плошчы 1421 гектар, што складае 54 працэнтаў да задання. Намалочана 1948 тон масланасення пры сярэдняй ураджайнасці 13,7 цэнтнера з гектара.
Камбайнер ААТ “Даватарскі” Юрый Ардынскі за штурвалам новага камбайна “New Holland” на працягу двух тыдняў убірае яравы рапс. Гэту культуру ён абмалочвае не толькі ў сваёй гаспадарцы. Пасля ўборкі зерневых камбайнер дапамагаў ААТ “Агратэхсэрвіс”, працаваў на палетках, якія належаць Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры на Браслаўшчыне.
30 жніўня мы сустрэліся з Юрыем Ардынскім на 100-гектарным полі за вёскай Станіславова.
— Планую дадзеную плошчу ўбраць за два-тры дні. Нязручнасці ўзнікаюць з-за няроўнасці глебы на палях. Па гэтай прычыне камбайн рухаецца з малой хуткасцю, але, тым не менш, абмалот ідзе якасна і без страт. Вялікія плошчы рапсу размешчаны каля вёскі Грыблы, амаль 300 гектараў. Спадзяюся, што надвор’е і тэхніка не падвядуць, каб у кароткія тэрміны закончыць уборку гэтай культуры.
На 3 верасня Юрый Ардынскі намалаціў 1871 тону зерневых культур і адправіў у дзяржаўныя засекі 156 тон рапсу.
Сяргей РАЙЧОНАК.