Невысокімі цэнамі і якасцю прадуктаў прываблівае пакупнікоў магазін «Арыён»

Актуальное

865“Арыён” — адзін са старэйшых прыватных гандлёвых аб’ектаў у нашым гарадскім пасёлку, але гэта акалічнасць зусім не перашкаджае яму крочыць у нагу з часам і прапаноўваць пакупнікам свежыя і якасныя прадукты па прымальных цэнах.

У невялікім па плошчы магазіне заўсёды шматлюдна, у гэтым пераканалася і карэспандэнт, наведаўшы яго. А самі пакупнікі адзначылі, што “Арыён” у Шаркаўшчыне з ліку тых магазінаў, дзе можна купіць усе неабходныя для сям’і прадукты і пры гэтым не развітацца са сваёй месячнай зарплатай. — Прымальныя цэны і добрая якасць тавараў у першую чаргу ў няпросты эканамічны перыяд прывабліваюць пакупнікоў, — адзначыў дырэктар унітарнага прадпрыемства “Арыён” Віктар Цыунэль. З ім наша сённяшняя размова.

— “Арыён”, вядома ж, не адзіны прадуктовы магазін у цэнтры Шаркаўшчыны. Напэўна, у наш час няпроста заставацца канкурэнтназдольным на рынку гандлёвых паслуг?

— Калектыў нашага магазіна імкнецца працаваць так, каб людзі, прыходзячы ў свой любімы магазін, бачылі, што цана на самыя неабходныя тавары больш нізкая, чым у іншых гандлёвых аб’ектах. Прымальныя для людзей цэны дасягаюцца дзякуючы адладжанай рабоце напрамую з вытворцамі, без пасрэднікаў. Дасягнутыя шматгадовыя дамоўленасці з прадпрыемствамі дазволілі нам устанаўліваць для пакупнікоў цалкам прымальныя цэны. Літр малака Глыбоцкага малаказавода, напрыклад, у нас каштуе 1 рубель 17 капеек, брыкет сметанковага масла 2 рублі 45 капеек, тварог — 1 рубель 32 капейкі, смятана (Глыбокае) — 2 рублі. Імкнемся працаваць так, каб у нашым магазіне былі самыя нізкія цэны на малочныя прадукты, мясныя, каўбасныя і хлебабулачныя вырабы. Пры гэтым калектыў магазіна, у якім працуюць 4 прадаўцы і загадчыца, пільна сочыць за якасцю і свежасцю рэалізуемай людзям прадукцыі. А дзякуючы разнастайным скідкам і акцыям, якія ў нас дзейнічаюць пастаянна, тавар на паліцах гандлёвай залы ніколі не залежваецца.

— Сучасныя эксперты сцвярджаюць, што поспех у сферы гандлю  на 30 працэнтаў залежыць ад коштавай палітыкі гандлёвага аб’екта і якасці тавараў і аж на 70 працэнтаў ад таленту прадаўцоў. Наколькі прафесійна са сваімі працоўнымі абавязкамі спраўляюцца прадаўцы магазіна “Арыён”.

— Наш магазін працуе для шаркаўчан вось ужо на працягу 16 год і за гэты час, безумоўна, заваяваў сваю нішу ў сістэме гандлю раёна. А паколькі прадаўцы непасрэдна працуюць з пакупнікамі, менавіта ад іх працы і залежыць рэпутацыя ўсяго гандлёвага прадпрыемства ў цэлым. Лічу, што “Арыёну” з персаналам пашанцавала. Дружны і зладжаны жаночы калектыў пад кіраўніцтвам загадчыцы магазіна Вольгі Дабравольскай забяспечвае паспяховую работу ўсяго прадпрыемства. І самі прадаўцы — гэта абаяльныя, уважлівыя да сваіх пакупнікоў і камунікабельныя жанчыны, якія умеюць належным чынам арганізаваць гандаль, улічваючы пры гэтым пажаданні людзей. У “Арыёне” амаль усе супрацоўнікі працуюць з першых дзён яго адкрыцця, на працягу 16 год. Гэта Антаніна Шыман, Надзея Жабянок і Раіса Шаблоўская. Наталля Мятла далучылася да дружнага жаночага калектыву некалькі год таму назад. Усе жанчыны сумленна выконваюць свае абавязкі, каб адзін з самых старэйшых прыватных магазінаў у нашым гарадскім пасёлку па-ранейшаму быў запатрабаваны ў пакупнікоў. А ў цяперашні час у “Арыёне” акрамя харчовай групы тавараў ажыццяўляецца і аптовы продаж аўтазапчастак, а таксама запчастак да сельскагаспадарчай тэхнікі.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *