Заўтра, 31 мая, кожны сапраўдны аматар-рыбалоў мае права намнога свабодней адчуць сябе на аблюбаваным вадаёме. З берага, з захадам у ваду, на лодцы — закідвай вуды, донкі, спінінг, стаў жэрліцы і чакай чарговай паклёўкі. Безумоўна, не забудзь прыгатаваць прысмакі (падкормку), каб карасі, ліні і акуні збіраліся менавіта каля тваіх рыбалоўных снасцей.
Лаві хоць круглыя суткі, але не забывай, што і тут ёсць некаторыя абмежаванні. Аматарскае рыбалоўства дазваляе выкарыстоўваць да 10 кручкоў на чалавека, а інтэнсіўнае — да 20. Калі на тэрыторыі нашага раёна платных вадаёмаў няма, то на Браслаўшчыне іх даволі вялікі пералік. Давядзецца набываць пуцёўку.
І яшчэ. Калі злавілі шчупака ці сама, то даўжыня іх павінна быць не менш 35 і 70 сантыметраў. Давядзецца выпускаць, каб не быць аштрафаваным у адпаведнасці з прыродаахоўным заканадаўствам.
Наогул, пытанняў на працягу рыбалоўнага сезона ўзнікае даволі шмат. З гэтай мэтай у наступным нумары газеты раім нашым чытачам азнаёміцца з матэрыялам, які падрыхтаваны з дапамогай дзяржінспектара Браслаўскай МРІ аховы жывёльнага і расліннага свету Д. К. Палуэктавым.
Сёння ж жадаю ўсім актыўнага клёву, падобнага на той, які быў на “Чорных камнях” з кінастужкі “Брыльянтавая рука”.
Эдуард КОРСАК
