Ларыса Іванаўна Шпак прымала віншаванні ў дзень юбілею

Актуальное

853Здаўна ў народзе кажуць, што жыццё даецца многім, а вось старасць — толькі выбраным. І сапраўды, па некаторых абставінах, якія часта не залежаць ад самаго чалавека, ён пражывае мала гадоў, іншым жа шчасціць сустракаць узыход сонца ажно да глыбокай старасці, з больш-менш трывалым здароўем і са светлай памяцю. Да ліку апошніх можна смела аднесці і жыхарку аграгарадка Радзюкі, якую ведаюць не толькі яе аднавяскоўцы, але і большасць шаркаўчан — Ларысу Іванаўну Шпак. Гэты паважаны ў грамадстве чалавек нядаўна сустрэла свой чарговы юбілей — 90-годдзе з дня нараджэння.

Нарадзілася яна ў вёсцы Болкалы. У бацькоў акрамя Ларысы быў яшчэ старэйшы сын Алег. Калі дзяўчыне было трынаццаць год, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бацька і старэйшы брат пайшлі на фронт, таму Ларыса сама навучылася выконваць мужчынскую працу: касіла, калола дровы, хадзіла за плугом. Пасля заканчэння вайны дадому вярнуўся толькі брат. На жаль, 23 студзеня 1945 года ў баях за вызваленне горада Будапешт (Венгрыя) яе тата Іван Іванавіч Кожан загінуў. Гэта стала вялікім горам для сям’і, але трэба было жыць.

Ларыса Іванаўна закончыла толькі шэсць класаў. Але нягледзячы на адсутнасць адукацыі, пасля вайны яе запрасілі на працу ў аддзел дзяржзабеспячэння ў Шаркаўшчыне. Патрабаванне тут было адно — умець чытаць і пісаць. Затым, пасля заканчэння педагагічных курсаў у Глыбокім, працавала з дзецьмі ў Александроўскім дзіцячым доме, у Болкалаўскай школе. У 1962 годзе разам з мужам Афінагенам Аляксандравічам пераехалі жыць у Радзюкі. Муж працаваў старшынёй Дулінскага сельскага Савета, а пасля на гэтай пасадзе яго змяніла Ларыса Іванаўна. Пяць год, як успамінае жанчына, пешшу праз поле, бо не было дарог, дабіралася на працу. Да таго ж трэба было наведваць жыхароў вёсак, ведаць іх праблемы, знаёміцца з умовамі пражывання. Магчыма, як успамінае Ларыса Іванаўна, тыя часы жыццёвых выпрабаванняў і цяжкай фізічнай працы загартавала арганізм і характар.

Разам з мужам яны выгадавалі сына і дачку, якія, дарэчы, ужо і самі знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Сын Аляксандр пражывае ў гарадскім пасёлку, а дачка Людміла ў Радзюках. Да таго ж Ларыса Іванаўна дачакалася пяцёра ўнукаў, чатырох праўнукаў і нават адну прапраўнучку, якой ужо ідзе чацвёрты годзік.

Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, Ларыса Іванаўна працягвае пісаць вершы, падбірае да іх мелодыі, з якіх атрымліваюцца песні. Удзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні “Груца” Радзюкоўскага СДК, стваральнікам якога і была Ларыса Іванаўна, выкарыстоўваюць песні і вершы ў сваім творчым рэпертуары. Яе частушкі выконваюць нават сталічныя фальклорныя калектывы, лічачы іх народнымі.

— Напэўна, каб жыла я на захадзе, то за аўтарскія правы на свае творы разбагацела, — жартаўліва кажа жанчына. — Але не гэта галоўнае. Важна, каб людзям песні падабаліся, уносілі ў іх жыццё хвіліны радасці і весялосці.

У дзень юбілею да Ларысы Іванаўны завіталі старшыня Радзюкоўскага сельвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Мікалаеўна Альшэўская, прадстаўнікі адміністрацыі, ветэранскай арганізацыі і прафсаюзнага камітэта КУВСП імя Маркава. Яны шчыра павіншавалі жанчыну з днём нараджэння, уручылі каштоўныя падарункі, мноства кветак, пажадалі юбілярцы доўгіх і шчаслівых год жыцця, трывалага здароўя і бадзёрасці. На развітанне Ларыса Іванаўна праспявала песню, у якой ёсць такія радкі:

Так пусть звенят хрустальные бокалы,

С друзьями не расстанусь никогда.

Уходят годы, печалиться не стану,

Душою остаюсь я молода.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_8834 IMG_8837 IMG_8841 IMG_8845



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *