Мінаюць гады, дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, але аднойчы спыненае імгненне застаецца назаўсёды..”, упэўнены фатограф з Шаркаўшчыны Валянцін Яўсеевіч Гарадзецкі. У яго прафесійных фотаздымках знайшлі сваё адлюстраванне многія унікальныя моманты, падзеі і людзі. А калі сабраць усе здымкі разам, можна ўявіць, што ў іх — цэлае жыццё нашага невялікага гарадка і людзей, што жывуць у ім. Фатаграфія была любымым захапленнем Валянціна Яўсеевіча яшчэ ў дзяцінстве.І ўжо будучы прафесійным фатографам, працаваў у Алма-Аце і некаторых іншых гарадах Казахстана. У 1980 годзе разам з сям’ёй на пастаяннае месца жыхарства пераехаў у Шаркаўшчыну. З таго часу прайшло амаль 40 год. Але фотамастак па-ранейшаму працягвае займацца любімай справай.Яго асабісты архіў сапраўды ўражвае, а на здымках розных гадоў — не толькі цэлая “біяграфія” нашага раёна, але і ўнікальныя помнікі архітэктуры Беларусі.
Выставу фотаработ Валянціна Яўсеевіча Гарадзецкага “Помнікі архітэктуры заходняй часткі Беларусі” прадставілі нядаўна вучні Велікасельскай ДС-СШ ў дзяржаўнай установе “Культурна-гістарычны комплекс “Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна”. Велікасельскія вучні адкрылі ўжо не адну выставу на тэрыторыі сваёй навучальнай установы.А зусім нядаўна ім прадставілася магчымасць выступіць у якасці вядучых і падчас адкрыцця выставы ў Віцебску.
-Трэба адзначыць,нашы дзеці выдатна справіліся з гэтай надзвычай адказнай задачай, -паведаміў дырэктар Велікасельскай ДС-СШ Юрый Часлававіч Матуль.- Бо нават самі супрацоўнікі комплекса “Залатое кола” адзначылі, што на тэрыторыі іх установы дзеці і падлеткі выставы яшчэ ні разу не адкрывалі, гэтай справай займаліся выключна дарослыя спецыялісты. Першы вопыт работы з дзецьмі даў свой станоўчы рэзультат. Самі вучні пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара школы Ірыны Рычардаўны Рымдзёнак старанна рыхтаваліся да гэтай значнай культурнай падзеі, шмат рэпетыравалі і ў чарговы раз прадэманстравалі дарослым, што вучні невялікай вясковай школы на многае здольныя. Выставу фотаработ Валянціна Гарадзецкага ў дзень яе адкрыцця наведала шмат людзей. Юныя аматары мастацтва з Вялікага Сяла запрасілі ўсіх у падарожжа па Заходняй Беларусі, каб пазнаёміць з надзвычай прыгожымі храмамі нашай краіны, іх Валянцін Гарадзецкі фатаграфаваў не адзін год.
-За кожным храмам стаіць свая гісторыя, яго ўзвядзенне — вельмі асабісты і сімвалічны працэс для вернікаў,-расказалі дзеці.- А яшчэ за пабудаванамі цэрквамі і касцёламі стаяць людзі. Людзі, якія дапамагаюць захаваць гістарычную і духоўную спадчыну. Што датычыцца нашага раёна, гэта, канешне, фотамастак, таленавіты чалавек, сябра Велікасельскай галерэі Валянцін Гарадзецкі, пры дапамозе фотаздымкаў якога мы здзейснілі падарожжа і пазнаёміліся з надзвычай прыгожымі храмамі ад Шаркаўшчыны да Гальшан.
Дзе вы яшчэ такое ўбачыце за паўгадзіны адведзенага часу?
Тэкст Вольгі ЧАРНЯЎСКАЙ.
Фота Сяргей РАЙЧОНКА.
