Сельская школа ў наш час — значна больш чым проста школа. Яна з’яўляецца цэнтрам сяла, яго маральнай і духоўнай асновай. Менавіта ад яе сем’і ў вёсках чакаюць дапамогі ў выхаванні і навучанні дзяцей, развіцці іх здольнасцяў і інтарэсаў. У кожнай з навучальных устаноў з цягам часу складваюцца свае традыцыі і звычаі. У аснове работы Велікасельскай дзіцячы сад-сярэдняй школы — маральна-духоўнае выхаванне школьнікаў. Для плённай работы ў гэтым напрамку кіраўнік і педагогі невялікай сельскай школы максімальна выкарыстоўваюць усе варыянты і імкнуцца адшукаць новыя магчымасці.
У апошнія гады ў нашым раёне і за яго межамі гэта школа шырока вядомая сваёй цікавай выставачнай дзейнасцю. На яе базе створана Велікасельская Арт-галерэя, дзе з дапамогай сваіх педагогаў выставы адкрываюць самі дзеці. У іх ліку фотавыстава “Молімся за мір”, якая была прадстаўлена спачатку на Украіне, затым у Маскве і Віцебску, а потым і ў Велікасельскай ДС-СШ. Дзякуючы вучням з Вялікага Сяла праваслаўныя вернікі нашага раёна змаглі ўбачыць выставу работ фатографа з Шаркаўшчыны Валянціна Гарадзецкага “З малітвай аб міры”, якая была ўрачыста адкрыта ў храме “Усіх смуткуючых Радасць” у Шаркаўшчыне, прадстаўлена ў царкве Раства Прасвятой Багародзіцы ў Лужках, а таксама ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Дзікева. Паспяхова дзейнічае ва ўстанове адукацыі і лялечны тэатр “Батлейка”.
Шмат іншых цікавых праектаў рэалізавала адна з самых невялікіх сельскіх школ у нашым раёне. Менавіта таму 13 снежня ў Велікасельскай ДС-СШ адбыўся раённы семінар для кіраўнікоў навучальных устаноў Шаркаўшчынскага раёна. Прадстаўнікі сферы адукацыі разважалі на тэму духоўна-маральнага выхавання школьнікаў. Удзел у рабоце семінара прынялі архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, благачынны цэркваў Шаркаўшчынскага раёна, протаіерэй Пётр Бараноўскі і ўсе святары праваслаўных храмаў нашага рэгіёну.
На тэму “Духоўна-маральнае выхаванне школьнікаў: яго сучасны стан і перспектывы” падчас работы семінара разважалі намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Полацкага епархіяльнага ўпраўлення Лілія Іванаўна Кагалёнак, выконваючая абавязкі начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Кацярына Рыгораўна Міхнёнак, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Міхаіл Часлававіч Пугаўка, госці з Полацка і кіраўнікі навучальных устаноў нашага раёна.
Адным з самых значных момантаў рабочай сустрэчы дырэктараў школ стала выступленне архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, які закрануў важнейшыя праблемы сучаснасці ў галіне выхавання дзяцей і выказаў сваё бачанне таго, як павінны працаваць школа, сям’я, храм і мясцовыя ўлады, каб выхаваць падрастаючае пакаленне гарманічнымі асобамі з развітым пачуццём сацыяльнай адказнасці і хрысціянскай маралі, навучыць іх жыць у грамадстве.
Усім кіраўнікам для іх навучальных устаноў архіепіскап у якасці падарунка прывёз літаратуру духоўнай тэматыкі. Як дарослыя, так і дзеці атрымалі ад уладыкі Феадосія нацельныя крыжыкі — сімвал праваслаўнай веры.
З прэзентацыяй “ВелікаСЕЛЬСКАЯ школа — школа духоўнага і адукацыйнага адзінства” перад удзельнікамі семінара выступіў дырэктар Велікасельскай ДС-СШ Юрый Часлававіч Матуль. Падчас свайго выступлення кіраўнік расказаў пра найбольш цікавыя праекты, паспяхова рэалізаваныя ў школе, і падзяліўся вопытам работы. Сімвалічным з’яўляецца той факт, што ў Год малой Радзімы школа выпусціла кнігу “Маленькія хронікі Вялікага Сяла”, дзе сістэматызаваны краязнаўчы матэрыял аграгарадка Вялікае Сяло і навакольных вёсак. Школа лічыць важным, каб дзеці ведалі ўсё пра месца, дзе нарадзіліся і людзей, якія сваёй працай уносяць уклад у развіццё рэгіёну. Так падлеткі вучацца разумець, што гісторыю краіны ствараюць не толькі вядомыя гістарычныя асобы, але дзяды і прадзеды, потым бацькі, а заўтра лёс роднага краю будзе залежыць ужо ад іх саміх. Выхоўваючы падлеткаў, настаўнікі ў першую чаргу фарміруюць пэўную сістэму якасцяў характару. І хоць дзяцей у Велікасельскай ДС-СШ сёння ўжо не так шмат, усе яны ў поўнай ступені ўключаны ў цікавы адукацыйны і выхаваўчы працэсы ў школе, якая стала для сваіх вучняў другім домам і садзейнічае іх усебаковаму развіццю.
Пацверджаннем гэтаму стаў і той факт, што менавіта вучні разам з намеснікам дырэктара школы Ірынай Рычардаўнай Рымдзёнак у межах семінара дырэктараў школ адкрылі выставу іканапісных работ мастачкі з Маладзечна Ядзвігі Сянько. Па благаслаўленні мітрапаліта Філарэта вось ужо на працягу 20 год таленавітая жанчына піша спіскі з вядомых у праваслаўным свеце ікон. А ўвогуле сярод яе работ — праваслаўныя і каталіцкія іконы, карціны на біблейскія сюжэты. Адну са сваіх ікон мастачка Ядзвіга Сянько, якая прысутнічала на адкрыцці выставы, падарыла архіепіскапу Полацкаму і Глыбоцкаму Феадосію. Шчырыя словы ўдзячнасці жанчына выказала ўсяму калектыву школы і асабліва дзецям, якія з дапамогай яе творчасці (ікон, якія былі прадстаўлены на выставе) падрабязна, змястоўна і надзвычай цікава расказалі ўсім прысутным аб праваслаўных і каталіцкіх святынях. Мастачка з Маладзечна прапанавала дзецям з Вялікага Сяла адкрыць яшчэ адну выставу яе работ, якая будзе прадстаўлена ў Віцебску.
А ў жыхароў нашага раёна яшчэ ёсць магчымасць наведаць Арт-галерэю ў Велікасельскай ДС-СШ, дзе да канца года будуць прадстаўлены іканапісныя работы таленавітай мастачкі Ядзвігі Сянько. Бліжэй пазнаёміцца з яе творчасцю вам дапамогуць мясцовыя дзеці.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

































