Засушлівае надвор’е адмоўна паўплывала на паказчыкі па надоях малака. Спецыялісты сельскай гаспадаркі прыкладаюць максімум намаганняў, пераганяючы дойныя статкі з адной пашы на другую, у пошуках лепшага травастою. А ён, дарэчы, сёлета літаральна, “гарыць” на корані пад промнямі гарачага сонца. У пачатку тыдня мы пабывалі на МТФ “Валожынкі”, дойнае стада якой выпасаецца на пашы каля вёскі Паянычы.
— Канечне, самі бачыце, што травастой вельмі слабы, — кажа загадчыца МТФ Валянціна Машнюк. — Часта даводзіцца пераганяць дойны статак туды, дзе гусцейшая і больш сакавітая трава. Для кармлення кароў сістэматычна і ў дастатковай колькасці выдзяляем канцэнтраты. На сённяшні дзень у гурце 264 каровы. Іх даеннем займаюцца Эма Давыдава, Алена Ясінская, Наргіза Коласава, Таццяна Савуць, Святлана Кароткіна. І нават адзін мужчына — Фадзей Вайцяховіч. На механізаваным даенні задзейнічаны трактарыст Канстанцін Казлоўскі. А выпасам займаюцца пастухі Мікалай Дзяцел, браты Сяргей і Юрый Гусевы, Віктар Буйка.
С пачатку года па гурце ў сярэднім надоена 1.744 кілаграмы малака на адну карову. Сярод перадавых даярак — Таццяна Савуць. За чэрвень яна надаіла больш за 21 тону малака. Сярэдні надой на адну карову склаў 481 кілаграм. А гэта адзін з лепшых паказчыкаў за мінулы месяц па раёне.
Сяргей РАЙЧОНАК.