Урачыстасці, прысвечаныя Маці Божай — Валадарцы азёр, пройдуць сёлета ў браслаўскім касцёле 17—18 жніўня і будуць прысвечаны пакліканням святарскім і законным. 15 жніўня пачнецца дыяцэзіяльная сустрэча моладзі. Тэма яе — “Вузел любові”. На працягу трох дзён маладыя вернікі Віцебшчыны на святых імшах, канферэнцыях і малітвах будуць умацоўваць і развіваць сваю веру, сумесна бавіць вольны час. У госці з канцэртамі завітаюць гурты з Мінска “Кахаю жыццё” (15 жніўня) і “Подых духа” (16 жніўня).
17 жніўня ў 18 гадзін пачнецца малітоўнае начное чуванне вернікаў перад урачыстасцямі Маці Божай — Валадаркі азёр. У час святой імшы, якая назначана на гэты час, адбудзецца ўдзяленне сакрамэнту канфірмацыі. У 22 гадзіны перад прысутнымі выступіць хор і аркестр з Мінска.
У праграме набажэнстваў — святая імша падзякі Пану Богу за 10-годдзе існавання браслаўскай касцельнай супольнасці “Маці ў малітве”. Пачнецца яна апоўначы з 17 на 18 жніўня.
Галоўная ўрачыстая святая імша са святарскімі і дыяканскімі пасвячэннямі адбудзецца ў суботу ў 11 гадзін. Літургію ўзначаліць арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці — апостальскі нунцый ў Беларусі.
Больш падрабязную інфармацыю праграмы ўрачыстасцей можна атрымаць на сайтах catholic.by і waladarka.by.
Антоні ЗЕМБА,
пробашч парафіі “Нараджэння Маці Божай у Браславе”.