
У час уборачнай кампаніі ў раёне ў мэтах падтрымання дысцыпліны, недапушчэння знаходжання за рулём сельскагаспадарчай тэхнікі ў стане алкагольнага ап’янення, папярэджання няшчасных выпадкаў штодзённа дзейнічае мабільны наркалагічны пункт. Акрамя праверкі на ўжывання алкаголю, у ходзе рэйдаў медработнік даведваецца пра стан здароўя механізатараў, пры неабходнасці можа даць кваліфікаваную параду. Раніцай з 7 да 11 гадзін выезды праводзяць супрацоўнікі Шаркаўшчынскага аддзялення ДАІ РАУС сумесна з прадстаўнікамі УАЗ «Шаркаўшчынская ЦРБ». Вечарам з 17 да 21 гадзіны ў рэйд выязджаюць прадстаўнікі дабраахвотных дружын з супрацоўнікамі РАУС.
Раніцай 8 жніўня ў рэйд па дарогах ААТ «Буеўшчына» і «Юдыцына» выехалі старшы інспектар адміністрацыйнай практыкі Шаркаўшчынскага аддзялення ДАІ РАУС Віктар Міласердаў і ўрач-тэрапеўт Святлана Лутохіна.
— Месцы, як бачыце, глухія, — тлумачыць Віктар Міласердаў, калі мы праязджалі па вясковых гравійках. — Таму хтосьці з механізатараў, упэўнены ў беспакаранасці, можа паддацца спакусе ўжыць спіртное.
Працяглы час яго словы не пацвярджаліся. Усе, каго спыняў старшы інспектар, спакойна, з усмешкай сустракалі просьбу прайсці праверку, бо баяцца, што на экране прыбора з’явяцца крамольныя праміле, у іх не было ніякіх прычын. «Няма тут калі выпіваць, працы хапае,» — тлумачылі яны. Здавалася, што гэты рэйд так і не азмрочыцца выяўленымі парушэннямі, калі пад увагу рэйдавай групы трапіў механізатар ААТ «Юдыцына». Сваю віну ён адмаўляць не спрабаваў і прызнаўся, што мінулы дзень закончыўся для яго ўжываннем спіртнога. Што поўнасцю пацвердзіў і апарат «Алконт 01сУ». Да таго ж аказалася, што кіруе ён транспартам без правоў. На месцы быў складзены пратакол і ўказана з’явіцца разам з інжынерам гаспадаркі на разгляд справы ў Шаркаўшчынскае аддзяленне ДАІ. Па словах Віктара Міласердава, парушальніку пагражае штраф ад 2,5 да 4,5 мільёнаў рублёў.
На жаль, гэта не адзінкавы выпадак, падчас папярэдняй работы пункта былі выяўлены выпадкі знаходжання ў няцвярозым стане за рулём механізатараў ААТ «Васюкі» (1 чалавек) і «Агратэхсэрвіс»(3 чалавекі). Пункт працягне работу ва ўзмоцненым рэжыме да канца жніва.
Андрэй БУРЭЦ
