Першы намеснік начальніка галоўнага упраўлення кадравай палітыкі — начальнік упраўлення кіруючых кадраў і дзяржаўных узнагарод Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Г. У. Рашэцька правёў асабісты прыём грамадзян у райвыканкаме

Актуальное Общество

078 (Копировать)

У мінулую пятніцу, 18 кастрычніка, першы намеснік начальніка галоўнага упраўлення кадравай палітыкі — начальнік упраўлення кіруючых кадраў і дзяржаўных узнагарод Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Генадзій Уладзіміравіч Рашэцька правёў асабісты прыём грамадзян у Шаркаўшчынскім райвыканкаме.

У час прыёму да Генадзія Уладзіміравіча звярнуўся шаркаўчанін Вадзім Якаўлевіч Мілянцей. Справа ў тым, што сваяк Вадзіма Якаўлевіча працуе ў Шаркаўшчынскім раёне газазабеспячэння філіяла УП “Браслаўгаз”, мае пэўныя вопыт і стаж работы, але апошнім часам у калектыве ўзніклі пэўныя складанасці ў плане выканання службовых абавязкаў з боку дадзенага работніка.

Як нам вядома, у Шаркаўшчынскім раёне газазабеспячэння выпадковых людзей няма. Працоўная дысцыпліна ў дадзенай арганізацыі знаходзіцца на высокім узроўні, бо і сама работа спалучаецца з многімі фактарамі рызыкі. Тут ні ў якім разе не дазваляецца ігнараваць службовыя інструкцыі, правілы бяспекі.

Канечне, у любым працоўным калектыве могуць узнікнуць тыя або іншыя спрэчкі, ігнараванне выканання даручаных спраў. І ўсё гэта мае як аб’ектыўны, так і суб’ектыўны характар.

Прадстаўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Генадзій Уладзіміравіч Рашэцька і старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, які таксама прысутнічаў у час прыёму грамадзян, прыйшлі да агульнай высновы, што ў любым выпадку трэба шукаць шляхі выхаду з дадзенай складанай сітуацыі: знаходзіць кропкі прымірэння, часцей весці размовы, праводзіць тлумачальныя гутаркі. У многім псіхалагічны фактар давяральнага дыялогу можа паўздзейнічаць на чалавека і праблема знікне.

Генадзій Уладзіміравіч адзначыў, што, прымаючы ўдзел у падобных мерапрыемствах, людзі звяртаюцца па дапамогу ў вырашэнні разнастайных праблем: ад бытавых, якія можна вырашыць на мясцовым узроўні, да буйных, дзе патрабуецца дапамога прадстаўнікоў улады абласнога або рэспубліканскага ўзроўню. Галоўнае — не адварочвацца ад пытанняў, з якімі людзі звяртаюцца. Трэба заўсёды ісці насустрач любому чалавеку, асабліва, калі ён мае ў гэтым вялікую патрэбу. Генадзій Уладзіміравіч таксама падкрэсліў: у Шаркаўшчынскім раёне праца са зваротамі грамадзян, вырашэнне пытанняў жыццядзейнасці знаходзяцца на належным узроўні.

За 9 месяцаў 2019 года колькасць зваротаў грамадзян у райвыканкам знізілася на 14 працэнтаў. За дазены перыяд большая частка скаргаў паступіла на работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Актуальнымі застаюцца пытанні землеўпарадкавання, праблемы працаўладкавання і эканомікі.

Сяргей РАЙЧОНАК.