
Моцная і дружная сям’я — аснова поспеху кожнага з нас. Бо менавіта ад сямейнага дабрабыту залежыць самаадчуванне і дабрабыт чалавека і нават яго прафесійныя дасягненні. Усё ж намнога лягчэй жыць з думкай аб тым, што дома ў любой сітуацыі родныя людзі абавязкова зразумеюць і дапамогуць.
Гасцінны і ўтульны дом Леаніда Фаміча і Таццяны Віктараўны Брылёвых

вось ужо на працягу 12 год упрыгожвае адну з вуліц аграгарадка Германавічы. Таццяна Віктараўна працуе бібліятэкарам у Германавіцкай сярэдняй школе, яна — цудоўная гаспадыня, адна з тых, хто ўмее і ўтульнасць у доме стварыць, і рознымі прысмакамі гасцей і родных пачаставаць. А галоўнае захапленне гэтай жанчыны — кветкі, якія ў вялікай колькасці можна ўбачыць як у доме, так і на падворку. Вырошчваннем любімых кветак, фіялак, гаспадыня займаецца на працягу 10 гадоў, зараз у доме Брылёвых налічваецца 70 сартоў гэтай неверагодна прыгожай расліны.
Леанід Фаміч 18 гадоў працуе ў Шаркаўшчынскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, ён — інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду. Гэты чалавек, па словах самой гаспадыні дома, майстар на ўсе рукі. Многія прадметы мэблі, інтэр’ер дома — справа яго рук і фантазіі. Падворак сям’і Брылёвых упрыгожвае альтанка-арэлі, зробленая гаспадаром, завяршаюцца работы па будаўніцтву гаража.
— Любая работа спорыцца ў руках творчых і працавітых людзей, а дом і падворак гэтай сям’і — адны з самых прывабных у аграгарадку Германавічы, сапраўднае ўпрыгожванне нашага населенага пункта, — адзначыла ў час размовы старшыня Германавіцкага сельскага Савета Алена Альбертаўна Рубін.
Як і ў любой вясковай сям’і, утрымліваецца на падворку Брылёвых хатняя жывёла — свіні, качкі, трусы, а гэта таксама істотная падтрымка для бюджэту.
А сапраўдным гонарам Таццяны і Леаніда з’яўляецца дачка Ірына, якая ўжо зусім хутка, пасля заканчэння вучобы ў Віцебскім медыцынскім універсітэце і завяршэння практыкі, пачне працаваць урачом-тэрапеўтам. Зараз Ірына — самы доўгачаканы госць у доме бацькоў і, як толькі здараецца такая магчымасць, дзяўчына з задавальненнем прыязджае ў родныя Германавічы. Бо менавіта тут жывуць яе самыя дарагія людзі, і для яе заўсёды расчынены дзверы дома, у які так прыемна вяртацца.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ

труба с соблюдением ПББ?