Малады спецыяліст КУВСП «Гарадзец» Кацярына Палідавец

Актуальное

Бытуе думка, што ў вёсцы не цікава, сумна жыць, а яшчэ праца не нарміраваная, складаная. Таму пакідаюць маладыя людзі родныя мясціны і едуць у горад. А вось Кацярына Палідавец разважае іначай: “Калі б я была гарадская, магчыма, у вёсцы не прыжылася. Я ж вясковая — нарадзілася і вырасла ў Гарадцы. Тут мае бацькі, мая радня…”.
Бацькі Кацярыны працуюць ў мясцовай гаспадарцы: маці Надзея Уладзіміраўна — аператар свінакомплексу, бацька Іван Іванавіч — механізатар. Прычым, перадавік вытворчасці, пра якога не раз пісала наша раённая газета. Палідаўцы трымаюць на падворку розную жыўнасць. Каці з дзяцінства падабалася хадзіць каля жывёлы. Будучы яшчэ маленькай цікавілася ўсім, што звязана з ёй. Аб гэтым падрабязна даведалася на практыцы, калі вучылася ў Лужаснянскім аграрным каледжы на аддзяленні ветэрынарыя.
Пасля вучобы Кацярына, не выбіраючы сабе іншай жыццёвай дарогі, вярнулася дадому, пачала працаваць ветэрынарным фельчарам на ферме Цэнтр КУВСП “Гарадзец”. Каб не дзейсная дапамога і парады вопытных працаўніц, дзяўчыне, як і любому маладому спецыялісту, было б няпроста ўкараняць на практыцы набытыя веды. Кацярына Палідавец працуе пад кіраўніцтвам галоўнага ветурача Мікалая Валянцінавіча Бортніка. Акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў, яна кожны дзень, сустракаючыся на ферме з даяркамі, даглядчыкамі, слухае іх падказкі, парады.
— Вельмі люблю маленькіх цялятак. Я б ад іх не адыходзіла. А калі якое цяля захварэе, стараюся любымі сродкамі яго вылечыць, — прызналася дзяўчына.
Працоўная біяграфія Кацярыны толькі пачынаецца. На будучы год яна плануе паступаць ў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны на завочную форму навучання. Няхай ёй пашчасціць ажыццявіць сваю мару, каб і далей жыць і працаваць на роднай зямлі.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *