У шматлікіх сельгаспрадпрыемствах раёна ідзе пераабсталяванне жывёлагадоўчых памяшканняў, узвядзенне новых для паляпшэння ўмоў утрымання буйной рагатай жывёлы. Не выключэннем тут з’яўляецца і ААТ “Буеўшчына”.
На МТФ “Варонка” некалькі год назад былі ўзведзены новыя памяшканні для жывёлы, эксплуатуецца даільная зала. Побач з новай фермай размяшчаецца будынак 1975 года пабудовы. Калісьці тут утрымлівалі свіней. Памяшканне ўжо шмат год не выкарыстоўвалася, але сёлета вырашылі адрамантаваць яго і размясціць цялят.
— Два месяцы назад сваімі сіламі мы прыступілі да рамонтных работ, — кажа намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ “Буеўшчына” Анатолій Буда. — Цалкам дэманціравалі стары дах, часткова сцены. Затым правялі работы па заліўцы бетоннай падлогі. У цяперашні момант будаўнічая брыгада сельгаспрадпрыемства ўзводзіць новы дах. У Нацыянальным парку “Браслаўскія азёры” закупілі патрэбную колькасць піламатэрыялаў, набылі новы шыфер. Паралельна займаемся пракладкай новага водаправода. У хуткім будучым плануем здаць цялятнік у эксплуатацыю, тут размесцяца 200 галоў БРЖ у бяспрывязным стане.
Сяргей РАЙЧОНАК.
