1 лістапада Лужкаўская участковая бальніца адзначае свой 30-гадовы юбілей

Здоровье

Медперсанал Лужкаўскай бальніцы
Медперсанал Лужкаўскай бальніцы

У 1990 годзе ўстанова аховы здароўя была пераведзена ў новы сучасны будынак, які цалкам стаў адпавядаць усім патрабаванням у плане працы медыцынскага персаналу і лячэння пацыентаў. Мы не змаглі пакінуць па-за ўвагай такую знакавую падзею і не напісаць пра ўстанову і цудоўных людзей, якія тут працавалі раней, якія сёння стаяць на варце здароўя і жыцця мясцовых жыхароў.
Чалавек нялёгкага лёсу
Доктар Усевалад Аляксандравіч Шыран з’явіўся ў Лужках летам 1932 года. Яго прыезду ў аддалены рэгіён папярэднічалі драматычныя падзеі. Студэнт Віленскага ўніверсітэта, будучы медык не ўтойваў сваіх дэмакратычных перакананняў. Шыран быў аўтарытэтным студэнтам дзякуючы несумненнай адоранасці, няўтольнай празе да медыцынскіх ведаў. Пасля закупкі медыцынскага абсталявання ў крэдыт Шыран заняўся прыватнай практыкай у Лужках. Яго энергія, веды, уменне весці справы хутка далі свой плён. Слава аб доктары Шыране шырока распаўсюджвалася ў Дзісненскім павеце. Жонка, Браніслава Людвікаўна, стала галоўным памочнікам мужа ў медыцынскай справе. У былым панскім маёнтку ў Гарадцы быў разгорнуты ўзорны стацыянар на 100 ложкаў, на службу якога было пастаўлена ўрачэбнае майстэрства сям’і Шыранаў і ўсё іх асабістае медыцынскае абсталяванне. Вельмі хутка ўзраслі хірургічныя магчымасці Лужкаўскай бальніцы. Таленавіты доктар змог арганізаваць правядзенне ў мясцовых умовах складаных хірургічных аперацый.
Энтузіязм Шырана і веру ў шчаслівае будучае беларускага народа азмрочылі арышты мясцовай інтэлігенцыі, якія закранулі і родных яго жонкі. З пачуццём прыкрасці ўспрыняў канфлікт з новым загадчыкам райздрава Піскуновым. 22 чэрвеня 1941 года доктар быў арыштаваны органамі НКУС. Доктар Шыран загінуў на ваенных дарогах. Пра яго лёс больш нічога невядома. Ён пражыў толькі 35 год, але памяць аб цудоўным чалавеку трагічнага лёсу, таленавітым урачы жыве і цяпер.
Жыццё, прысвечанае медыцыне
Цяжка ўявіць, але ў пачатку 1960-х гадоў на тэрыторыі сельсавета пражывала каля 12 тысяч чалавек, за здароўем якіх сачылі мясцовыя медыкі. Сама ж бальніца на 25 месцаў размяшчалася ў старым непрыдатным для работы, будынку з пячным ацяпленнем. З транспарту ў лужкаўскіх медыкаў была толькі гужавая павозка. Пасаду ўрача агульнай практыкі ў той час займала Тамара Ціханаўна Захарэвіч, якую ў 1965 годзе прызначылі на пасаду кіраўніка ўчастковай бальніцы.
З першых дзён працы Тамара Ціханаўна сутыкнулася з рознымі праблемамі. Гэта і нарыхтоўка паліва, і недахоп медыцынскага абсталявання. Медыкі суткамі знаходзіліся на рабочых месцах, дзяжурылі каля пацыентаў. Доктар шмат часу праводзіла ў радзільным аддзяленні, дзе ў год на свет з’яўлялася больш за 100 дзетак.
У 1990 годзе Лужкаўская ўчастковая бальніца была пераведзена ў новы сучасны будынак. Установа аховы здароўя разлічвалася на 50 ложкаў і 100 наведванняў за дзень у амбулаторыі. Тут з’явіліся рэнтгенкабінет, фізіякабінет. У новай бальніцы Тамара Ціханаўна адпрацавала да выхаду на заслужаны адпачынак у 2008 годзе.
…У 1979 годзе пасля заканчэння Віцебскага медінстытута на пасаду ўчастковага тэрапеўта Лужкаўскай участковай бальніцы прыехала працаваць малады спецыяліст Антаніна Алексіна. Нарадзіўшыся ў суседнім Міёрскім раёне, малады медык пасля атрымання вышэйшай адукацыі аднойчы і назаўжды звязала свой лёс з Лужкамі і ніколі пра гэта не пашкадавала.
Маючы спецыяльную адукацыю, накоплены з гадамі вопыт, павагу сярод калег і ўдзячных пацыентаў, яна заўсёды шчыра працавала ў галіне медыцыны. За дзесяцігоддзі работы шмат каму давялося не проста дапамагаць, а, літаральна, у лічаныя хвіліны выратоўваць жыццё. І ва ўсіх гэтых справах былі побач яе верныя сябры і калегі.
На жаль, 6 студзеня сёлетняга года сэрца Антаніны Іванаўны перастала біцца. Цяжкая хвароба бязлітасна вырвала яе з жыцця. З жыцця, якое яна так любіла. Антаніна Іванаўна пакінула свой след на Зямлі ў сэрцах і душах сваіх родных, калег, аднавяскоўцаў.
Дзень сённяшні
Сёння ў склад Лужкаўскай ўчастковай бальніцы ўваходзяць урачэбная амбулаторыя, бальніца сястрынскага догляду, аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі, Верацееўскі і Дворнаўскі фельчарска-акушэрскія пункты.
На працягу ўсёй гісторыі Лужкаўскай бальніцы і ў цяперашні час вялікая роля адводзіцца сярэдняму медыцынскаму персаналу, які па праву называюць апорай аховы здароўя.
Вялікай павагай у калектыве карыстаюцца старшая медыцынская сястра Алена Алегаўна Хаданёнак, медыцынская сястра Ірына Антонаўна Ляўшыцкая, фельчар Людміла Пятроўна Чарная.
Звыш 30 гадоў адпрацавалі ў калектыве медыцынскія сёстры Людміла Іванаўна Сядлоўская, Алена Пятроўна Нарэйка, Лёля Антонаўна Грыцкевіч, якія таксама заслугоўваюць добрых слоў у свой адрас. Сваю працу ў Лужкаўскай бальніцы пяць год назад пачынала Наталля Свяцкая, якая на дадзены момант узначальвае паліклінічнае аддзяленне Шаркаўшчынскай ЦРБ. Са жніўня мінулага года ўрачом агульнай практыкі тут працуе малады спецыяліст Андрэй Латышонак.
Паважаныя работнікі Лужкаўскай участковай бальніцы, шчыра віншуем вас з юбілеем установы аховы здароўя! Зычым зямнога шчасця, дабрабыту, удзячных пацыентаў, якім вы дапамагаеце! Няхай заўсёды з вамі будуць мудрасць у вырашэнні задач, цвёрдасць і ўпэўненасць у той карысці, якую вы прыносіце кожнай хвілінай сваёй работы!
Сяргей РАЙЧОНАК.