Расказ пра Сцяпана Іосіфавіча Пармона, пад кіраўніцтвам якога калгас «Шлях Леніна» дасягнуў значных поспехаў

Сельское хозяйство

Сцяпан Іосіфавіч Пармон (фота з архіва Васюкоўскай бібліятэкі)
Сцяпан Іосіфавіч Пармон (фота з архіва Васюкоўскай бібліятэкі)

Мы працягваем публікацыю работ бібліятэкараў Шаркаўшчынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Цяпер мы размяшчаем артыкул бібліятэкара Васюкоўскай бібліятэкі Алены Пагарэлавай, прысвечаны кіраўніку былога калгаса “Шлях Леніна” Сцяпану Іосіфавічу Пармону.
Сорок девятый помним год,
Для нас начало жизни новой.
Как на собранье шёл народ,
Вступить в колхоз он был готовый.
Гэтыя радкі напісала Алеся Лабуць 14 мая 1974 года, калі вучылася ў 8 класе Васюкоўскай базавай школы.

Гады станаўлення
17 верасня 1939 года Заходняя Беларусь увайшла у склад БССР. У 1949 годзе на нашай тэрыторыі пачалі арганізоўвацца калектыўныя гаспадаркі. Арганізаваць сялян вёсак Мішуты, Лабуці і Васюкі ў калектыўную гаспадарку было даручана інструктарам Шаркаўшчынскага райкама кампартыі Віктару Волкаву і Леаніду Максімаву. Яны вялі тлумачальную работу сярод сялян, расказвалі аб перавагах калгаснага ладу жыцця. Першымі падалі заявы аб прыёме ў калгас жыхары вёскі Мішуты: Язэп Вярцінскі, Пётр Вярцінскі, Альжбэта Пяткевіч, Франуся Якімовіч і Зося Вярцінская. Восенню 1949 года быў арганізаваны калгас “ХІ съезд ВЛКСМ”. Першым старшынёй быў выбраны Іосіф Вярцінскі. Справы ў сельгаспрадпрыемстве не ладзіліся. Машын, трактароў не хапала. На калгас высылаўся адзін трактар з машынна-трактарнай станцыі. Уборку праводзілі ўручную: зерневыя касілі касой, жалі сярпамі, малацілі малатарнямі, лён мялі льномялкамі, якія прыводзіліся ў рух конскай сілай.
У 1951 годзе калгасы “Октябрь” і “ХІ съезд ВЛКСМ” аб’ядналіся ў адзін пад назвай “Шлях Леніна”. Старшынёй выбралі В. І. Селязнёва. Затым на пасадзе старшыні яго змяніў Л. І. Цітовіч. Справы ў калгасе не паляпшаліся. Працоўнай сілы было мала. Прыходзілася па замёрзлай глебе касіць лён, каб не заставаўся на зімоўку. Калгаснікам тады даручылі сеяць кок-сагыз і кукурузу, але вынікі былі дрэнныя. У 1952 годзе старшынёй калгаса стаў Фелікс Вярцінскі, а праз год на гэтай пасадзе яго змяніў інструктар райкама кампартыі В. Ф. Волкаў. Пачалося ссяленне насельніцтва з хутароў у буйныя вёскі. Калгаснікі мелі магчымасць купляць дарагія рэчы: радыёпрыемнікі, швейныя і пральныя машыны. У калгасе сталі ўзводзіць канюшні, цялятнікі, кароўнікі. Пабудавалі кантору, клуб, магазін, жылыя дамы. У гаспадарку прыехалі працаваць дыпламаваныя спецыялісты: аграном Н. Р. Конанава, заатэхнік Р. А. Дарашчонак, ветурач А. А. Дарашчонак, брыгадзір трактарнай брыгады М. І. Курыловіч, дыспетчар І. А. Лабуць.
Малады старшыня
На чарговым справаздачна-выбарчым сходзе 13 лютага 1962 года па рэкамендацыі Шаркаўшчынскага райкама кампартыі старшынёй калгаса “Шлях Леніна” быў выбраны Сцяпан Іосіфавіч Пармон. Новы старшыня па спецыяльнасці быў аграномам. Ён энергічна ўзяўся за справу. Звярнуў увагу на магчымасць атрымання высокіх ураджаяў, а таксама на механізацыю працаёмкіх работ. У 1963 годзе калгас электрыфікуецца. У пачатку 1967 года ў калгасе налічвалася 13 трактароў, 2 камбайны, ільномалацілка, барабанная зернесушылка, механізаваны ток, 3 даільныя ўстаноўкі. Пабудавалі рамонтныя майстэрні, кузню, два сховішчы для захоўвання зерня, два тыпавыя кароўнікі на 144 галавы БРЖ кожны, два цялятнікі. У 1968 годзе ў калгасе налічвалася 216 кароў. У гэтым жа годзе сабралі 16 цэнтнераў зерневых з гектара, 5 цэнтнераў ільну, 147 цэнтнераў бульбы на круг. Павысіліся і заробкі калгаснікаў. Пастух атрымліваў у месяц 120-140 рублёў, даярка 100-120, трактарыст — 100 рублёў.
Змяніліся і ўмовы жыцця калгаснікаў. Цяпер дабрабыт і ўтульнасць прыйшлі ў кожную хату. Людзі набывалі тэлевізары, пральныя машыны, халадзільнікі і многа іншых электрапрыбораў. Вяскоўцы пачалі пераймаць новыя звычаі, абрады, праводзіць новыя святы. Шматлюдна і заўсёды весела было ў мясцовым калгасным клубе. Загадчыкам установы культуры працаваў Д. П. Матошка — умелы арганізатар мерапрыемстваў, выдатны музыкант, ён з густам будаваў сваю работу для розных катэгорый насельніцтва. У гуртках мастацкай самадзейнасці ўдзельнічалі шафёр Авінір Якімовіч, трактарыст Казімір Вярцінскі, свінарка Стэфанія Руткоўская, іншыя калгаснікі. Часта ў клубе выступалі і вучні Васюкоўскай васьмігодкі.
Усё гэта было ў той час, калі калгасам “Шлях Леніна” кіраваў Сцяпан Іосіфавіч Пармон.
Успаміны
“Прайшло столькі часу, але як цяпер памятаю той дзень, — пісаў у сваіх успамінах Сцяпан Іосіфавіч. — Гэта было 13 лютага 1962 года, калі працаўнікі калгаса “Шлях Леніна” выбралі мяне сваім старшынёй. У той час калгас адносіўся да ліку адстаючых, але я быў упэўнены ў сваіх сілах, меў ужо вопыт працы на зямлі, каб прывесці справы ў парадак. Пасля атрымання адукацыі на працягу 11 гадоў працаваў галоўным тэхнолагам палёў у калгасе імя Калініна (цяпер ААТ “Ельня-Агра”). Перавозіў сям’ю з Шаркаўшчыны да Васюкоў ажно шэсць гадзін. Цяпер гэту адлегласць можна пераадолець за некалькі хвілін па заасфальтаванай дарозе. Ехалі на двух аўтамабілях ГАЗ-51 і “Масквіч-408”. Следам суправаджаў гусенічны трактар ДТ-54 на выпадак, калі б дзе забуксавалі, бо дарогі былі разбітыя. У Васюках было 18 бязлюдных пабудоў. Людзі, у сваёй большасці, жылі на хутарах. У калгаснай клеці ляжала 49 тон зерня на момант сяўбы. У карыстанні гаспадаркі налічвалася 2150 гектараў ворыва, апрацоўвалі глебу чатыры трактары ДТ-54 і тры “Беларус” МТЗ-82.
Вялікую ролю ў развіцці вёскі адыграў 1965 год, калі адбыўся перавод калгасаў на гарантаваную грашовую аплату працы. А яшчэ праз год адбылося прыняцце дзяржаўнай праграмы меліярацыі, хімізацыі і інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Сталі ў калгасе наводзіць парадак на зямлі, вапнавалі кіслыя глебы, уносілі пад сяўбу дастатковую колькасць арганікі і мінеральных тукаў, выкарыстоўвалі сродкі аховы раслін, і дзякуючы захаванню ўсіх патрабаванняў тэхналогіі стала павялічвацца вытворчасць прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі. У калгаснай касе з’явіліся грошы. Каб хутаране пераязджалі ў вёску, будавалі жыллё. Заасфальтавалі вуліцы і дарогі, якія вялі да цэнтра гаспадаркі, добраўпарадкавалі вёскі, асабліва Васюкі. У 1975 годзе праз Дзісну пабудавалі мост. Хоць узводзілі яго грамадскія арганізацыі, але я кожны дзень быў на будоўлі, хацелася як мага хутчэй увесці яго ў строй. На яго будаўніцтва было затрачана 400 тысяч рублёў. Увядзенне ў эксплуатацыю новага маста дало магчымасць аб’яднаць калгасы “Шлях Леніна” і імя Жданава ў адзін. А да гэтага часу існавала толькі паромная пераправа паміж Васюкамі і Жданамі. Самы ўраджайны ў нас выдаўся 1976 год, калі атрымалі на круг па 40 цэнтнераў зерневых. Радаваў лён, за яго рэалізацыю гаспадарка атрымлівала вялікі прыбытак. І людзі тады працавалі з вялікім задавальненнем, з аддачай, радаваліся кожнаму поспеху, хоць большасць работ выконвалі ўручную”.

Па працы — пашана
За поспехі, якіх дасягнула гаспадарка ў 1968 годзе, Сцяпана Іосіфавіча Пармона ўзнагародзілі Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, а ў 1969 годзе — Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У 1971 годзе ён атрымаў ордэн “Знак Пашаны”, а ў 1976 годзе — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а яшчэ праз год — чарговы ордэн “Знак пашаны”. Тады і многія калгаснікі атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды: ордэн Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалі. Сваю працоўную дзейнасць Сцяпан Іосіфавіч Пармон закончыў у 1998 годзе.
Бяжыць час, змяняюцца пакаленні, але не забываюць пра тых людзей, ветэранаў працы, якія аддалі лепшыя гады свайго жыцця сельскай гаспадарцы. На жаль, 10 лютага 2016 года скончыўся зямны шлях Сцяпана Іосіфавіча. Усё яго жыццё было прысвечана сельскай гаспадарцы. 36 гадоў ён кіраваў калгасам “Шлях Леніна”. І заўсёды была шчырая, самаадданая праца і вышэйшая адзнака гэтай працы — павага людзей”.
Да друку падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.