Цяпер з электрычнасцю! Работнікі Шаркаўшчынскага РЭСа ажыццявілі падачу электраэнергіі да новага “пяціпавярховіка”

Актуальное

IMG_4588 (Копировать)Як вядома, у гарадскім пасёлку па завулку Даватара закончана ўзвядзенне 40-кватэрнага жылога дома. А на мінулым тыдні работнікі Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак ажыццявілі падачу электраэнергіі да “пяціпавярховіка”.
— Гэтаму папярэднічаў вялікі аб’ём работы, які мы на працягу пэўнага перыяду выконвалі са сваімі спецыялістамі, — тлумачыць галоўны інжынер Шаркаўшчынскага РЭС Віктар Лагун. — 17 снежня мы падалі электрычны ток у новы дом. Тут працаваў вялікі штат супрацоўнікаў раёна электрычных сетак. Задзейнічаны былі тры лінейныя брыгады, спецыяльная тэхніка, абсталяванне. Кожная брыгада дасканала ведала аб’ём сваёй работы. Пасля праведзенага інструктажу ўсе прыступілі да работы. Папярэдне было ўзгоднена з жыхарамі дамоў і кватэр адключэнне электрычнасці. Для бесперабойнай працы дзіцячага сада № 4 часова падключылі перасоўную дызельную электрастанцыю. Адна брыгада займалася дэмантажом старой камплектнай трансфарматарнай падстанцыі (КТП). Другая засілкоўвала існуючыя паветраныя лініі па кабельных выхадах ад новай закрытай трансфарматарнай падстанцыі. Трэцяя брыгада працавала на лініі напружаннем 10 кілавольт для таго, каб падключыць кабель сілкавання ад новай трансфарматарнай падстанцыі.
Некалькі дзён таму назад прыязджалі спецыялісты з Глыбоцкага прадпрыемства электрычных сетак, якія правялі выпрабаванні ўсіх кабельных ліній. Такім чынам, у мікрараёне ДБУ-26 17 снежня запушчана ў эксплуатацыю новая камплектная трансфарматарная падстанцыя бетаніраванная (КТПБ) з сучасным абсталяваннем.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_4564 (Копировать) IMG_4565 (Копировать) IMG_4581 (Копировать) IMG_4583 (Копировать)