Сотні дзяцей з усёй Беларусі, у тым ліку і трое школьнікаў Шаркаўшчынскага раёна, 23 і 24 снежня наведалі галоўную ёлку краіны. Гэта вучаніца 6 класа СШ № 1 Яна Жабіцкая, вучань 6 класа СШ № 2 Алег Дарашчонак і вучань 7 класа Германавіцкай ДС—СШ Глеб Свілёнак. Маштабнае і надзвычай цікавае навагодняе свята — гэта найлепшы падарунак для ўсіх яго ўдзельнікаў. Сярод іх былі дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, з апякунскіх і прыёмных сем’яў, сіроты, а таксама выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў.
Сваімі ўражаннямі ад паездкі з намі падзялілася вучаніца 6 класа сярэдняй школы № 1 Яна Жабіцкая:
— Для нас гэта была вялікая мара — паехаць у Мінск на галоўную ёлку краіны. У першы дзень знаходжання ў сталіцы мы трапілі на відовішчнае прадстаўленне, якое прайшло на арэне Белдзяржцырка. Асабліва мне запоміўся нумар, дзе вялізны мядзведзь катаўся на гіраскутары. Цікавымі былі і іншыя выступленні. На другі дзень нас чакала галоўная падзея — мерапрыемства каля галоўнай ёлкі краіны ў Палацы Рэспублікі з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак з Калядамі і Новым годам, пажадаў прыемнага адпачынку і вясёлага настрою. Усе мы атрымалі навагоднія падарункі і салодкія пачастункі.
Галоўная ёлка краіны — гэта кульмінацыя дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Вось ужо 26 год яна аб’ядноўвае тысячы людзей, каб падарыць веру і напоўніць дабрынёй і пяшчотай сэрцы юных беларусаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.