За студзень—кастрычнік сельгаспрадпрыемствы раёна атрымалі 31985,3 тоны малака, што складае 110,4 працэнта да адпаведнага ўзроўню мінулага года. Яго вытворчасць павялічылі ўсе гаспадаркі, акрамя ААТ “Княж” (дырэктар В. У. Крыўка), які выйшаў толькі на 99,6 працэнта.
Ад кожнай каровы атрымана ў сярэднім па 3582 кілаграмы малака. У сямі гаспадарак прадуктыўнасць дойнага статка вышэй, а ААТ “Княж”, “Ельня-Агра”, КУВСП імя Маркава так і не змаглі прывысіць мінулагодні паказчык. Скажам, у КУВСП імя Маркава надаілі за 10 месяцаў па 2668 кілаграмаў і зменшылі свой паказчык у параўнанні з леташнім на 183 кілаграмы. Як бачна, розніца паміж лідарамі і аўтсайдэрамі аказваецца даволі ўнушальнай. Больш як па 4 тысячы кілаграмаў малака ад каровы надаілі ў ААТ “Даватарскі”, “Васюкі” і “Агратэхсэрвіс”. Гэтыя гаспадаркі ў апошні час ўстойліва ўтрымліваюць першынство па прадуктыўнасці дойнага статка. І за кастрычнік яны не збавілі тэмпаў росту і атрымалі ад кожнай каровы амаль па 400 кілаграмаў малака. Большы за ўсіх мінус атрымалі ў ААТ “Княж”.
Зразумела, што пры такіх розных паказчыках разлічваць усім на высокую аддачу галіны не даводзіцца. Што ж тычыцца эканомікі, то намнога важней, колькі і якой якасці ад агульнай колькасці атрыманага малака паступіла на перапрацоўку. У гэтым плане, як і з вытворчасцю, бачна ўстойлівая тэндэнцыя росту. За студзень—кастрычнік на прыёмны пункт паступіла 28 352 тоны прадукцыі. Гэта складае 114 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года. Больш за іншых прыбавілі ААТ “Даватарскі” — 136, “Васюкі” — 121,5 працэнта, а ААТ “Княж” выканалі план толькі на 92,5.
Якасць малака па раёне ацэньваецца наступнымі дадзенымі: гатункам “экстра” рэалізавана спачатку года 36,2 працэнта (плюс 8,4) і першым — 13,8. Палепшылася якасць рэалізаванай прадукцыі ў ААТ “Ельня-Агра” і “Буеўшчына”.
Таварнасць малака па раёне аказалася на ўзроўні 88,6 працэнта і ўзрасла на 2,8. Гэта дазволіла зменшыць унутрыгаспадарчае ўжыванне прадукцыі. Расход натуральнага малака ў разліку на цялё не павінна перавышаць 400 кілаграмаў. Пры такім ужыванні забяспечваецца таварнасць на ўзроўні не ніжэй 90 працэнтаў. Але такога не прытрымліваюцца ў ААТ “Княж” і ў некаторых іншых гаспадарках, дзе на выпайку цялятам ідзе значна больш дазволенага.
Па-ранейшаму шмат праблем застаецца з узнаўленнем статка, і ў першую чаргу — з вырошчваннем і захаванасцю рамонтнага маладняку.
Прывагі цялят растуць марудна. За 10 месяцаў года яны склалі па раёне 525 грамаў. Самы высокі паказчык — 677 грамаў у ААТ “Агратэхсэрвіс” і гэта за кошт комплексу “Ручай” па вырошчванню і адкорму буйной рагатай жывёлы.
Выхад цялят на 100 кароў — 68, з прыбаўкай 4 (пры сярэднім паказчыку па рэспубліцы 62).
Вялікай праблемай застаецца няякасная прафілактыка і лячэнне захворванняў кароў, у выніку чаго ў некаторых гаспадарках раёна застаецца вялікая колькасць ялавых звыш 90 дзён пасля цялення.
Рэзервы для атрымання прадукцыі жывёлагадоўлі ёсць. Іх толькі трэба прывесці ў дзеянне.
Кацярына СОСНА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА
