На базе сярэдняй школы № 1 19 лютага прайшла спартландыя для вучняў вышэйназванай установы адукацыі і іх равеснікаў з СШ № 2. Спартыўнае мерапрыемства, арганізатарамі якога выступілі райвыканкам, ГА “БРСМ”, ГА “Белая Русь”, РАУС, праводзілася ў мэтах рэалізацыі асноўных накірункаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і прапаганды здаровага ладу жыцця. А ўдзельнікамі свята сталі юнакі і дзяўчаты, якія з’яўляюцца актыўнымі аматарамі спорту, уваходзяць у склад атрада юных інспектараў дарожнага руху, маладзёжнага атрада аховы правапарадку, і часткова тыя, хто па некаторых прычынах крыху адстае ў навучанні ад сваіх равеснікаў.
16 падлеткаў, якія падзяліліся на дзве каманды, паказвалі свае фізічную падрыхтоўку і спрыт сябрам з груп падтрымкі, а таксама кампетэнтнаму журы. У яго склад увайшлі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алеся Грыдзюшка, старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы ДАІ РАУС Сяргей Шышковіч і выконваючы абавязкі старшага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Андрэй Курэц.
Пасля тлумачальных слоў настаўнікаў фізічнай культуры Аляксея Макаранкі і Міхаіла Гарбачова, выказаных юным спартсменам, па свістку суддзі пачаліся эстафеты. Юнакі і дзяўчаты з лёгкасцю спраўляліся з выпрабаваннямі. У пачатку спартландыі нельга было выявіць канкрэтную каманду-лідара, бо сапернікі з пераменным поспехам то саступалі, то выходзілі ўперад. Дзевяць эстафет, якія арганізатары спартыўнага спборніцтва падрыхтавалі юным спартсменам, былі імі пройдзены пад гучныя апладысменты гледачоў. Як у кожным спаборніцтве, так і ў дадзенай спартландыі члены журы доўга абмяркоўвалі паміж сабой, якую колькасць балаў за кожную з эстафет паставіць камандам. Улічвалася тут не толькі хуткасць, але і беспамылковасць праходжання выпрабаванняў. У выніку старшыня журы Іна Шынкевіч агучыла ў мікрафон канчатковыя вынікі і падлічаныя балы. Першае месца заваявала каманда сярэдняй школы № 2, а “серабро” дасталася гаспадарам спартыўнай пляцоўкі — спартсменам СШ № 1.
Акрамя грамат кожны з удзельнікаў атрымаў ад арганізатараў спартыўнага свята салодкія пачастункі, дыпломы і флікеры. Такім чынам, ніхто з удзельнікаў каманд не застаўся незадаволены. Спартландыя прайшла весела, з пазітыўным настроем і з карысцю для здароўя.
Сяргей РАЙЧОНАК.
































