Напярэдадні светлага вясенняга свята Дня жанчын шчырыя віншаванні, найлепшыя пажаданні і падарункі прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва атрымлівалі ад мужчын.
Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Васілеўскі павіншаваў з гэтым цудоўным святам былых старшыню і адказнага сакратара раённага савета ветэранаў Галіну Філатаву і Веру Захараву, якія ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяцілі Шаркаўшчынскаму раёну. Нават нягледзячы на тое, што абедзве ўжо даўно знаходзіліся на заслужаным адпачынку, яны сваёй плённай працай прыносілі дабрабыт малой радзіме і яе жыхарам.
З рук намесніка кіраўніка раёна Галіна Мікалаеўна атрымала Падзячнае пісьмо Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі за актыўную жыццёвую пазіцыю, асабісты ўдзел у арганізацыі і правядзенні прэзідэнцкай кампаніі. Яна ж узнагароджана Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Шаркаўшчынскага раёна.
Веры Савельеўне Юрый Анатольевіч уручыў Падзяку старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Шаркаўшчынскага раёна.
Намеснік старшыні райвыканкама пажадаў жанчынам трывалага здароўя, дабрабыту і дастатку ў сем’ях, бадзёрасці і аптымізму на доўгія гады.
З 9 сакавіка на пасадзе старшыні раённага савета ветэранаў працуе Ірына Генадзьеўна Міхалёнак, а адказным сакратаром — Галіна Мікалаеўна Філатава.
Сяргей РАЙЧОНАК.



