11 юнакоў і дзяўчат, навучэнцаў сярэдняй школы № 1, атрымалі свой галоўны дакумент — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Традыцыйная ўрачыстая цырымонія ўручэння прайшла 15 сакавіка ў навучальнай установе ў межах грамадзянска-патрыятычнай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!” Дадзеная акцыя прызвана акцэнтаваць увагу на адной са знакавых падзей у жыцці кожнага чалавека, пасля якой 14-гадовыя юнакі і дзяўчаты становяцца паўнавартаснымі грамадзянамі роднай краіны.
На мерапрыемстве прысутнічалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома і старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Таццяна Марозава.
— 27 год назад 15 сакавіка 1994 года быў прыняты першы ў гісторыі суверэннай Беларусі Асноўны Закон — Канстытуцыя нашай краіны. Гэта было важнае рашэнне ў станаўленні маладой беларускай дзяржавы. Канстытуцыя ўвабрала ў сябе багаты гістарычны вопыт і мудрасць папярэдніх пакаленняў, замацавала прававыя, палітычныя і ідэалагічныя асаблівасці дзяржавы і грамадства, дакладна вызначыла прыярытэты нашага далейшага развіцця, — сказала, звяртаючыся да прысутных, Людміла Уладзіміраўна. — Дарагія хлопцы і дзяўчаты, наперадзе ў вас чакае доўгае і шчаслівае жыццё. Рэалізуючы сябе ў розных прафесіях і на розных пасадах, хутка вы возьміце на сябе адказнасць за будучыню Беларусі. Здароўя вам, поспехаў, дасягнення пастаўленых перад сабою мэт. І ніколі не забывайце, што вы — грамадзяне Беларусі!
— Вы маладыя і актыўныя, у вас ўсё жыццё наперадзе, — прамовіла Таццяна Марозава. — Памятайце заўсёды пра гэты знакавы дзень. Ганарыцеся прыналежнасцю да беларускай нацыі і абавязкова знайдзіце сваё месца ў жыцці, пакінуўшы пасля сябе ўнукам і праўнукам моцную і квітнеючую Беларусь.
Пад гучныя апладысменты прысутных пашпарты і кнігі-падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь!” дзецям уручылі Людміла Стома і Таццяна Марозава.
Юнакі і дзяўчаты перад прысутнымі ўрачыста пакляліся быць дастойнымі памяці дзядоў і прадзедаў, аддаваць свае веды і сілы на тое, каб стаць сапраўднымі гаспадарамі беларускай зямлі.
З адказным словам ад маладых грамадзян выступіла вучаніца 8 “А” класа Анжаліка Марозава. Яна запэўніла прысутных у тым, што прадстаўнікі маладога пакалення будуць заўсёды з гонарам несці высокае званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Яны зробяць усё магчымае для шчаслівай будучыні нашай дзяржавы.
Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з чарговым візітам наш раён наведаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Сільчонак. Парламентарый пабываў у сярэдняй школе № 2. Павел Мацвеевіч у межах рэспубліканскай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!” ва ўрачыстай атмасферы ўручыў 14-гадовым школьнікам пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
У дадзенай рэспубліканскай акцыі прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец, які ўручыў пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь вучаніцы Велікасельскай ДС—СШ Анастасіі Крыўка, а таксама намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі, які ва ўрачыстай атмасферы ўручыў пашпарты вучням Більдзюжскай, Лужкаўскай СШ і Германавіцкай дзіцячы сад—сярэдняй школы.
Пашпарт — галоўны дакумент грамадзяніна. Яшчэ яго называюць пуцёўкай у самастойнае жыццё. Наперадзе ў маладога пакалення шмат новага і нязведанага. А новую старонку жыцця кожны з іх адкрыў ужо сёння.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара і Алены АНАНІЧ























































