Дэлегаты і ўдзельнікі VI Усебеларускага народнага сходу працягваюць праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый, з жыхарамі сельскіх населеных пунктаў. 31 сакавіка старшыня райвыканкама, дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Дзмітрый Ламака сустрэўся з калектывам аграметэастанцыі. У час сумеснай гутаркі Дзмітрый Міхайлавіч агучыў тэму сустрэчы — “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь”.
— Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — гэта асноўны закон нашай дзяржавы, — падкрэсліў кіраўнік раёна. — Менавіта яна вызначае дзяржаўны і грамадскі лад краіны, прававы статус чалавека, яго ўзаемаадносіны з дзяржавай і грамадствам, а таксама выконвае шэраг іншых функцый.
Напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу для вызначэння пазіцыі насельніцтва адносна магчымых змяненняў у асноўны закон Рэспублікі Беларусь па ўсёй краіне праходзілі дыялогавыя пляцоўкі, вялі сваю работу грамадскія прыёмныя. Усе ініцыятывы і прапановы грамадзян былі сабраны, абмеркаваны з экспертамі і накіраваны на разгледжанне на Усебеларускім народным сходзе.
Немалаважным момантам такіх сустрэч прадстаўнікоў мясцовай улады з жыхарамі гарадскога пасёлка і раёна з’яўляецца абмеркаванне надзённых пытанняў грамадзян.
Так, шаркаўчан хвалюе праблема нездавальняючага стану асфальтабетоннага пакрыцця некаторых вуліц райцэнтра, асабліва пасля заканчэння зімы.
— Праблема і сапраўды існуе, — згадзіўся Дзмітрый Міхайлавіч. — Па меры фінансавых магчымасцей пытанні рамонту вуліц і завулкаў гарадскога пасёлка будуць вырашацца. На некаторых будзе пакладзена новае асфальтабетоннае пакрыццё, на іншых праведзены ямачны рамонт, а вуліцы з гравійным пакрыццём будуць планава грэйдзіравацца.
У апошні час жыхары гарадскога пасёлка і раёна зацікаўлены ў падключэнні сваіх жылых дамоў да электраацяплення, але адчуваюць пэўныя складанасці з-за недахопу напружання на лініях электраперадач. Адна з супрацоўніц аграметэастанцыі звярнулася да кіраўніка раёна з просьбай аб вырашэнні праблемы. Дзмітрый Міхайлавіч паабяцаў разабрацца ў дадзеным пытанні і дапамагчы жанчыне.
Старшыня райвыканкама ўважліва выслухаў усіх, хто ў той дзень звярнуўся да яго з асабістымі просьбамі і прапановамі. Акрамя таго кіраўнік раёна расказаў пра станоўчыя зрухі ў сацыяльна-эканамічным развіцці нашага рэгіёну.
У завяршэнні сустрэчы Дзмітрый Міхайлавіч выканаў прыемную місію — уручыў Падзяку начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Белгідрамет) інжынеру-аграметэаролагу аграметэаралагічнай станцыі “Шаркаўшчына” філіяла “Віцебскаблгідрамет” Ганне Казіміраўне Бука за плённую працу, якаснае і адказнае выкананне службовых абавязкаў, высокія паказчыкі ў працоўнай дзейнасці ў 2020 годзе.
Сяргей РАЙЧОНАК.


