
1 снежня ў сацыяльна-педагагічным цэнтры было шматлюдна. Праводзіўся раённы бацькоўскі сход па правах і абавязках бацькоў у выхаванні дзяцей. На ім прысутнічалі бацькі, чые дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, прызнаныя ў неабходнасці дзяржаўнай аховы і ўтрымліваюцца ў прытулку, а таксама бацькі, дзеці якіх вернуты ў сем’і і знаходзяцца пад наглядам работнікаў прытулка. Каб сустрэча адбылася і была магчымасць весці гутарку з такімі гора-бацькамі, вялікую дапамогу работнікам прытулка (за што яны вельмі ўдзячны) аказалі педагогі сацыяльныя школ раёна, дзіцячых дашкольных устаноў, дырэктары ўстаноў адукацыі “пачатковая школа-дзіцячы сад”, старшы ўчастковы інспектар міліцыі П. А. Пачкоўскі, намеснікі дырэктараў па ідэалагічнай рабоце КУВСП “Гарадзец” Н. В. Катушонак і ААТ “Агратэхсэрвіс” С. І. Чапроўскі, кіраўніцтва РКБА.
Перад прысутнымі з павучальнымі прамовамі выступілі пракурор раёна А. Б. Віцюгоў, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Т. П. Траба, старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС М. Я. Зубовіч, судавыканаўца раённага суда В. У. Кірылава, начальнік сектара пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва С. А. Савелава, спецыяліст па адраснай дапамозе тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання А. В. Цітовіч, урач-псіхіятр цэнтральнай раённай бальніцы К. В. Галай, педагог-псіхолаг прытулка В. В. Байкоўская, святары Кшыштаф Сілкоўскі і Віктар Валашчук.
Кожны ў сваім выступленні імкнуўся данесці да прысутных важнасць нармальных сямейных адносін, любові да сваіх крывіначак, вядзення правільнага ладу жыцця. Кожнаму выступаючаму вельмі хацелася, каб яго словы зрабілі станоўчы адбітак у разуменні і сэрцах бацькоў. Каб яны не вялі амаральны лад жыцця, што прымушае над іх дзецьмі весці апеку дзяржаве. Каб не было на ўліку, як цяпер, 57 нядобранадзейных сем’яў, у якіх гадуецца 107 дзетак. Гэта лічба павінна змешыцца да мінімуму. Усялякія прапановы былі даведзены да ведама прысутных. Галоўная з іх — кожны павінен працаваць, зарабляць грошы, каб прагадаваць сваіх дзяцей, а не спадзявацца на дзяржаўную дапамогу. Вялікі рэзананс у зале выклікала пастанова, якую зачытала Таццяна Пятроўна Траба. Яе сутнасць у тым, што цяпер не будзе статусу маці-адзіночак, якія спадзяюцца толькі на дзяржаўную падтрымку. Будзе ўстанаўлівацца бацькоўства і менавіта бацька стане плаціць аліменты на сваё дзіця. На шматлікія пытанні, якія паступалі ад бацькоў, спецыялістамі былі дадзены канкрэтныя, зразумелыя адказы.
Кацярына СОСНА.
