У аграгарадку Дворнава вернікі сабраліся на фэст у гонар святога Андрэя Баболі

Актуальное

22Нядаўна вернікі лужкаўскай парафіі сабраліся ў аграгарадку Дворнава на фэст у гонар святога Андрэя Баболі, які праводзіўся каля мясцовай капліцы, тытулованай імем гэтага святога пакутніка.
Цэлебрацыю святой імшы ўзначаліў ксёндз Ян Пугачоў, пробашч парафіі ў Германавічах. Разам з ім у літургіі ўдзельнічалі святар Уладзімір Шыдлоўскі з Браслава і ксёндз вікарый Генадзій Рэйшэль з Шаркаўшчыны.
Парафіяльная ўрачыстасць стала нагодай для асвячэння паклоннага крыжа, які ўсталявалі ў Дворнаве. З ініцыятывай яго ўзвядзення выступіў ксёндз Ян Пугачоў. Ідэю святара падтрымалі парафіяне. Арганізацыяй вырабу і ўсталявання крыжа займаліся адказныя асобы, вяскоўцы ж сваёй прысутнасцю падтрымлівалі ахвярнікаў.
Каля падножжа крыжа зрабілі невялікі насып з камення, які сімвалізуе Галгофу, вакол высадзілі туі і розныя кветкі. Дарэчы, гэтай дзейнасці аб’яднала вернікаў розных канфесій.
Як сказаў святар Уладзімір Рэйшэль, усталяванне крыжоў і іх ушанаванне — гэта адказ чалавецтва на любоў Божую. Няхай гэты крыж знаходзіцца тут заўжды як знак нашай веры і малітвы сённяшняга пакалення, а моц Святога Духа няхай напаўняе кожнага сваім святлом, мудрасцю і любоўю.
Свята закончылася канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі артысты Германавіцкага цэнтра культуры і народных традыцый. Цудоўнаму і ўзнёсламу настрою спрыяла і цёплае сонечнае надвор’е.
І. МАШАРА,
бібліятэкар Лужкаўскай бібліятэкі