На пачатку снежня ў ТЦСАН прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў

Актуальное

У аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў. Трэба адразу сказаць, што на сустрэчу былі запрошаны не толькі пастаянныя наведвальнікі Шаркаўшчынскага аддзялення, але таксама госці з Глыбоцкага аддзялення.

Пачынаючы сустрэчу, загадчыца аддзялення ў Шаркаўшчыне Таццяна Мар’янаўна Клімза адзначыла, што Дзень інвалідаў праводзіцца, каб нагадаць людзям, што побач з імі знаходзяцца іншыя, з абмежаванымі магчымасцямі, і ім асабліва патрэбныя ўвага, павага і дабрыня. Менавіта дабрыні і была прысвечана сустрэча, якая так і называлася — «Няхай сэрца асвятляе дабрыня». У ходзе гутаркі шаркаўчане і глыбачане знаёміліся паміж сабой, расказвалі пра сябе, свае любімыя заняткі. Як аказалася, большасць з іх з цікавасцю наведвае гурткі, якія працуюць пры аддзяленнях. Дырэктар ТЦСАН нашага раёна Святлана Мечыславаўна Савейка выступіла з расказам пра дзейнасць цэнтра і, у прыватнасці, аддзялення. Яна пажадала гасцям з Глыбокага адшукаць тут сяброў, а ўсім прысутным добрага настрою і аптымізму. Загадчыца Глыбоцкага аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Леаніда Янаўна Зяваліч, у сваю чаргу, расказала пра работу сваёй установы, падзялілася знаходкамі. Так, глыбачане займаюцца працатэрапіяй на ўласным участку з цяпліцай, а пасля атрымліваюць грошы за сваю працу. Заканчваючы свой расказ, яна запрасіла шаркаўчан наведаць Глыбокае з візітам у адказ.

падчас сустрэчы “Давайте милосердней, люди, станем!" — з такім паэтычным заклікам звярнулася да прысутных глыбачанка Наталля Белакурава.

Вельмі спадабалася прысутным выступленне Наталлі Белакуравай, якая настолькі пранікнёна і прачула прачытала некалькі вершаў, што без усялякага сумнення можна было сказаць — у яе вялікі артыстычны талент. Дарэчы, Наташа з чытаннем вершаў заняла прызавое месца на фестывалі мастацкай творчасці інвалідаў у Віцебску і ўласным прыкладам паказвае, што інваліды могуць даказваць сваю паўнавартаснасць творчасцю. Творчы адказ шаркаўчан быў таксама дастойны: Надзея Іванова і Марыя Дарафеева выканалі інсцэніроўку «Усходняе казка аб мары», з якой занялі другое месца на фестывалі.

Сцэнка «Дзве свечкі» навяла на роздум. Сапраўды, кожны чалавек нагадвае свечку, а сэнс чалавечага жыцця заключаецца ў тым, каб гарэць і не шкадаваць цяпла іншым.

— Нягледзячы на тыя выпрабаванні, якія выпалі ім, — падвяла вынік сустрэчы Таццяна Мар’янаўна Клімза, — наведвальнікі аддзялення захоўваюць мужнасць, спадзяюцца на лепшае і дораць блізкім дабрыню. А без добрых спраў не можа быць добрага імя.

Падчас сустрэчы абліччы прысутных асвятлялі ўсмешкі, і, нібыта ў адказ, за акном праз хмарнае неба таксама праглянула і ўсміхнулася сонца.

Андрэй БУРЭЦ.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *