
Лета ў самым разгары. Ужо некалькі дзён тэмпература паветра дасягае амаль 30 градусаў. Гэта самы спрыяльны час для нарыхтоўкі кармоў у сельгаспрадпрыемствах.
Сёлета ў ААТ “Буеўшчына” запланавана нарыхтаваць 15500 тон сенажу, у тым ліку ў стрэйч-плёнцы — 1800 тон. Мясцовыя аграрыі разлічваюць таксама назапасіць 795 тон сена, каб мець трывалую кармавую базу на зімова-стойлавы перыяд для буйной рагатай жывёлы.
На мінулым тыдні, калі мы наведалі гаспадарку, корманарыхтоўчыя работы вяліся за вёскай Таўкіні. Касьбой траў тут займаўся механізатар Аляксандр Алексяёнак. Зграбанне правяленай масы ў валкі праводзіў Мікалай Ляснеўскі. На агрэгаце КВК-800 зялёную масу здрабняў Вячаслаў Пабяржын, да якога па чарзе на трактарах з прычэпамі ПС і ПІМ пад’язджалі Мікалай Лаўрыновіч, Аляксандр Іваноў, Барыс Бабчонак і Ігар Грайчонак.
— Зялёную масу механізатары адвозяць у сянажныя траншэі МТФ “Варонка”, — кажа кіраўнік сельгаспрадспрыемства Аляксандр Пяткевіч. — Гэта амаль што побач. Таму расход паліва пры транспарціроўцы нязначны.
На трамбоўцы правяленай масы на “Амкадоры” працаваў Васілій Седзюкевіч. Нядаўна мужчына адзначыў сваё 65-годдзе, але на заслужаны адпачынак яшчэ не збіраецца. Працоўных рук у гаспадарцы не хапае, таму і прадаўжае шчыраваць на пагрузчыку, тым больш, што дазваляе здароўе.

— Пачынаў я працаваць пасля службы ў арміі ў калгасе “Усход”, — успамінае Васілій Пятровіч. — Давялося кіраваць трактарамі розных марак і мадыфікацый. Апошнія 12 год знаходжуся за рулём “Амкадора”. Выконваю на ім разнастайныя пагрузачныя работы, цяпер вось заняты на трамбоўцы правяленай масы.
Кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт гаспадаркі павіншавалі Васілія Пятровіча з юбілеем, пажадалі здароўя, жыццёвага аптымізму, дабрабыту ў сям’і і ўручылі імянінніку каштоўны падарунак.
— Усе нашы работнікі забяспечаны гарачым каларыйным харчаваннем, — расказаў вядучы спецыяліст гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Гернат. — Прастою тэхнікі з-за адсутнасці паліва або запасных частак няма. Спадзяёмся, што касавіцу мы завяршым у самыя аптымальныя тэрміны, тым больш, што гэтаму спрыяе надвор’е.
Сяргей РАЙЧОНАК

