У час навагодніх святаў калектыў работнікаў раённага дома культуры ладзіць выязныя віншаванні для дзяцей

Актуальное

Штогод напярэдадні навагодніх свят установы культуры гарадскога пасёлка і сяла рыхтуюць, праводзяць шматлікія культурна-масавыя мерапрыемствы для розных катэгорый насельніцтва. Асабліва цікава і запамінальна праходзяць яны для дзяцей. Стала добрай традыцыяй у калектыва работнікаў раённага Дома культуры ладзіць выязныя віншаванні для дзяцей работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый райцэнтра.

З 27 па 30 снежня віншаванні Дзеда Мароза і Снягурачкі, а таксама іншых казачных персанажаў, прайшлі на базе ДРБУ-131, “Беларусбанк”, раённага аддзялення Дэпартамента аховы, ДБУ-26, ЦРБ, РАУС, ПМК-68, райспажыўтаварыства.

Дзякуючы ўмела распрацаванаму сцэнарыю, творчаму ўменню самадзейных артыстаў, ранішнікі прыйшліся даспадобы не толькі дзятве, але і іх бацькам, якія прывялі з сабою сынкоў і дачушак на святочнае мерапрыемства.

Прыемна было бачыць іскрынкі радасці ў вачах дзетак, якія з задавальненнем расказвалі Дзеду Марозу вершы, спявалі песні, дружна вадзілі карагоды вакол навагодняй ёлкі. У сваю чаргу, Дзед Мароз з дапамогай сваёй унучкі Снягурачкі, дорачы добры настрой, кожнага маленькага ўдзельніка частаваў смачнымі ласункамі. А напрыканцы ўсе казачныя персанажы яшчэ раз павіншавалі дзяцей з навагоднімі святамі і паабяцалі зноў сустрэцца ў наступным годзе.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *