
Падчас жніва на дапамогу мясцовым аграрыям прыходзяць вучні старэйшых класаў і выпускнікі школ. Гэта добрая магчымасць не толькі аказаць падтрымку сельгаспрадпрыемствам, але яшчэ і зарабіць грошы на ўласныя патрэбы.
Гэтым скарысталіся старшакласнікі Германавіцкай дзіцячы сад— сярэдняй школы Данііл Пугаўка, Мікіта Хрол, Андрэй Урбановіч, Вікторыя Пашковіч і Наталля Яблонская. Большасць з іх ужо не першы год аказвае ААТ «Ельня-Агра» дапамогу на зернетаку. Юнакі і дзяўчаты спачатку займаліся ўборкай тэрыторыі. Затым прасушвалі зерне рапсу. Як пачалася ўборка зерневых культур, пачалі прасушваць азімую пшаніцу.
— Працуем мы весела і не стамляемся, — сказалі з усмешкамі Данііл і Мікіта. — Усе мы з адной школы і сябруем з дзяцінства.
— Плануем не толькі аказаць дапамогу гаспадарцы, але і зарабіць грошы для сябе, — далучыліся да размовы дзяўчаты Вікторыя і Наталля.
— Заробак у падлеткаў будзе нядрэнны, — запэўніў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Міхаіл Якімовіч. — Юнакі і дзяўчаты вельмі старанныя, якасна выконваюць даручаную справу. Яны не сядзяць, марнуючы час, у гаджэтах, а дапамагаюць нашым хлебаробам.
Сяргей РАЙЧОНАК.
