Малады механізатар ААТ “Княж” Павел Апалька апраўдвае давер кіраўніцтва гаспадаркі

Молодежь Сельское хозяйство

Большасць дарослых мужчын у дзяцінстве марылі стаць вадзіцелямі аўтамабіляў, машыністамі цеплавозаў, звязаць сваё жыццё з тэхнікай. Павел Апалька, які вырас у сельскай мясцовасці, таксама цікавіўся мужчынскімі прафесіямі. Даспадобы юнаку была праца механізатара, тым больш, што яго бацька працаваў трактарыстам у сельгаспрадпрыемстве.
Пасля школы Павел вучыўся ў Відзаўскім прафесіянальна-тэхнічным каледжы, дзе атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста. З нядаўняга часу малады механізатар працуе па спецыяльнасці ў ААТ “Княж”. Спачатку хлопец кіраваў трактарам “Беларус” МТЗ-82, а ў мінулым годзе кіраўнік гаспадаркі Уладзімр Буда даверыў Паўлу энерганасычаны “Беларус” МТЗ-3022.
— Тэхніка магутная, складаная, патрабуе дасканалага ведання прынцыпаў работы ўсіх механізмаў у ёй, — кажа Уладзімір Пятровіч. — Але ў Паўла ўсё атрымліваецца “на выдатна”, бо хлопец атрымаў у каледжы грунтоўныя тэарэтычныя веды, а цяпер прымяняе іх на практыцы. Выконвае транспартныя работы, разам з іншымі механізатарамі праводзіць уздым зябліва.
— Трактару, на якім я працую, ужо больш за дзесяць год, нярэдка здараюцца паломкі, але справа механізатарская мне падабаецца, — з усмешкай прамовіў хлопец.
Не так даўно Павел ажаніўся, гаспадарка выдзеліла маладой сям’і дом. Жонка цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, з нецярпеннем чакае кожны вечар вяртання любімага мужа з працы.
Сяргей РАЙЧОНАК.