У нашым новым праекце «Беларусь — гэта мы!» чытайце пра дружную сям’ю Ардынскіх з Пялікаў

Главное

Якая яна, наша любімая краіна? Гэта зямля, на якой стагоддзямі жылі нашы продкі, на якой цяпер жывём мы, гэта бацькаўшчына, якую мы перададзім нашым нашчадкам. Паважаныя чытачы, на старонках “Кліч Радзімы” мы пачынаем друкаваць новы грамадзянска-патрыятычны праект, прысвечаны Шаркаўшчынскаму раёну і людзям, якія тут жывуць, праслаўляюць Прыдзісненскі край сваімі карыснымі справамі. І першы наш аповед будзе пра сям’ю Юрыя і Ірыны Ардынскіх з аграгарадка Пялікі.

Радуюцца кожнаму дню
Пад’ехаўшы на рэдакцыйнай “Ніве” да сядзібы, дзе пражываюць Юрый Геронцьевіч і Ірына Леанідаўна, я выйшаў з аўтамабіля і пакрочыў расчышчанай ад начнога снегу сцяжынкай да іх дома. Гаспадар завіхаўся ля кучы бярозавых дроў.
— Учора днём пачаў шчапаць, а за ноч столькі снегу выпала, што зусім не бачна маіх дроў, — з усмешкай прамовіў Юрый Геронцьевіч, раскапваючы пульхны снег вялікай лапатай. — Зіма сёлета цалкам апраўдвае сваю назву. У народзе прынята лічыць, калі зіма з вялікім снежным покрывам, то і хлеба будзем мець на будучы год удосталь.
Юрый Геронцьевіч ведае, пра што гаворыць, бо ён не адзін дзясятак год шчыруе ў сельгаспрадпрыемстве на хлебнай ніве.
Разам з гаспадаром, абмёўшы боты ад наліпшага на іх снегу, мы зайшлі ў хату, дзе яго жонка Ірына Леанідаўна гатавала гарбату.
— Нічым адметным наша сям’я не адрозніваецца ад іншых, каб пра нас пісаць матэрыял для газеты, — крыху сарамліва прамовіла гаспадыня, завіхаючыся ля газавай пліты. — Як і ўсе жывём, працуем, радуемся кожнаму новаму дню, будуем планы на заўтра.

За бацькоўскім парогам
— Любоў да роднай зямлі, да працы на ёй мне перадалі ў спадчыну мае бацькі Геронцій Паўлавіч і Браніслава Ігнацьеўна, — пачаў гутарку Юрый Геронцьевіч. — Абое яны з юнацтва апрацоўвалі свой надзел, шчыравалі і ў калгасе. Бацька быў майстрам на ўсе рукі: і зваршчыкам быў адмысловым, і сярод трактарыстаў — перадавіком. Напэўна, таму бацькоўская цяга да тэхнікі перадалася і мне. Як закончыў Шаркаўшчынскую сярэднюю школу, пайшоў вучыцца ў Глыбоцкае СПТВ, атрымаў вадзіцельскія пасведчанні трактарыста і шафёра. Перад службай у арміі крыху папрацаваў у сваім калгасе імя Энгельса. Сюды ж пасля службы ў арміі вярнуўся зноў. У пачатку 1980-х гадоў калгасам кіраваў Пётр Чабатаронак — адмысловы, вопытны старшыня, які прыклаў шмат намаганняў, каб гаспадарка была перадавой. Стараліся і людзі, кожны сумленна выконваў свае абавязкі. Мне, тады яшчэ маладому механізатару, Пётр Пятровіч даручыў новы трактар “Беларус” МТЗ-82. На гэтай тэхніцы я выконваў самыя розныя работы: перавозіў грузы, займаўся ворывам, культывацыяй глебы, сеяў зерне.

Шлях ад “Нівы” да “New Holland”
Неяк аднойчы ў калгаснай канторы старшыня сказаў мне: “Юра, давай ты паспрабуй папрацаваць на зернеўборачным камбайне. Можа, і атрымаецца ў цябе”. Адказаць старшыні “не” я пасаромеўся і пайшоў асвойваць “Ніву” СК-5. Так і пачаўся мой камбайнерскі стаж. Затым працаваў на камбайне “Дон-1500”. Дарэчы, на ім я намалаціў сваю першую тысячу тон зерня. Ніхто больш у раёне з камбайнераў не змог дасягнуць такога намалоту. Ішоў час, мянялася і ўдасканальвалася тэхніка. У гаспадарку прыйшлі новыя сучасныя камбайны “Палессе” КЗС-1218. Асвоіў разам з іншымі механізатарамі гэту тэхніку і я. Зноў жа стаў лідарам па намалочаных тонах зерня. У 2018 годзе ў сельгаспрадпрыемства перадалі зернеўборачны камбайн замежнай вытворчасці “New Holland”. Такой тэхнікі ў раёне яшчэ не было. У першыя дні працы на ім з кабіны выходзіў з мокрай ад поту спіной — настолькі складана было разабрацца ў камп’ютарнай тэхніцы, якой аснашчаны камбайн. Тым не менш, ужо ў першы сезон на “New Holland” я намалаціў больш за дзве тысячы тон зерня. Найбольшых поспехаў дасягнуў у 2019 годзе. У дзяржаўныя засекі я тады адправіў 3600 тон зерня. Але не было б такіх поспехаў у працы, каб не мая спадарожніца жыцця жонка Ірына, якая разам са мной у хвіліны радасці і смутку вось ужо амаль сорак год.

Шчасце, калі побач любы чалавек
— Побач з цудоўным мужам, клапатлівым гаспадаром нельга быць дрэннай жонкай, — далучылася да гутаркі Ірына Леанідаўна. — З Юрыем мы знаёмыя з самага дзяцінства, выраслі ў адной вёсцы. Заўсёды сябравалі, разам хадзілі на танцы, на вечары адпачынку ў мясцовы клуб.
Мой працоўны шлях пачаўся ў сістэме гандлю Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства. Пасля заканчэння Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага тэхнікума ў хуткім часе перавялася ў калгас у Пялікі. У канторы сельгаспрадпрыемства я працавала на пасадзе бухгалтара, касіра. Актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці, шмат год была старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Некаторы перыяд працавала ў мясцовым доме культуры.
Вядома, з вышыні пражытых гадоў ёсць што ўспомніць добрага пра той час. Праца на вёсцы тады была ганаровай і пачэснай. Перадавікі сельгасвытворчасці заўсёды былі ў пашане, іх паважалі ў грамадстве. Памятаю, як падчас нашага вяселля ў 1984 годзе старшыня калгаса Пётр Чабатаронак уручыў у якасці падарунка ключы ад новага дома. Тады для нас гэта было найвялікшым шчасцем. А вось гэты дом, у якім мы пражываем цяпер, пабудавалі разам з мужам у 1989 годзе. Тут выраслі нашых трое дзетак: дочкі Марына і Алена, сын Андрэй. Вывелі мы іх у самастойнае жыццё. Цяпер у кожнага свая сям’я, праца, свае жыццёвыя клопаты. Хоць і не так часта, як хочацца нам, але дзеці з сем’ямі прыязджаюць у бацькоўскі дом, прывозяць з сабой даражэнькіх нашым сэрцам ўнукаў. А іх, дарэчы, у нас чацвёра: Іван, Дзіма, Аня. 11 снежня нарадзілася наша самая меншая ўнучачка Насця. Маленькія дзеці з радасцю бавяць свой час на ўлонні прыроды, дыхаючы гаючым вясковым паветрам.

Унукі Ваня, Дзіма і Аня

Думкі аб будучай вясне
Летась Ірына Леанідаўна пайшла на заслужаны адпачынак. Пенсійнага ўзросту дасягнуў і Юрый Геронцьевіч, але не можа ён сядзець дома без механізатарскай справы, без штурвала камбайна.
Незаўважна пройдзе зіма, настане чаканая людзьмі вясна, якая абудзіць палеткі, пакліча хлебаробаў да адвечнай і святой справы — сеяць зерне, расціць хлеб. І зноў пачуецца рокат трактара Юрыя Ардынскага, які разам з іншымі шаркаўшчынскімі хлебаробамі будзе закладваць аснову будучаму ўраджаю, каб восенню сабраць золата палёў і сказаць: “Дзякуй табе, зямелька-карміліца!”.
Аўтар праекта Сяргей РАЙЧОНАК.