Заўтра ў нашай краіне будзе адзначацца самае маладое дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. З гэтай нагоды ў рэспубліцы праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да такой знакавай даты.
У межах адзінага дня інфармавання насельніцтва першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Кавалеўская сустрэлася з калектывам супрацоўнікаў дзіцячай бібліятэкі і з вучнямі 11 класа сярэдняй школы № 1. Асноўнай тэмай гутаркі стала «Адзінства беларускага народа — асноватворны фактар зберажэння і ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці краіны».
Як адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка 2023 года ў штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, першая ўмова суверэнітэта і незалежнасці — народнае адзінства. Мы, беларусы, заўжды дэманстравалі яго ў пераломныя моманты гісторыі. Менавіта адзінства давала нам сілы для перамогі над ворагам і абставінамі. Так было ў 1939 годзе, калі ўз’ядналіся нашы гістарычныя землі, што было б немагчыма без імкнення беларусаў жыць у адной сям’і. Так было і ў часы Вялікай Айчыннай вайны, калі акупанты сутыкнуліся з усенародным супраціўленнем.
У тысячагадовым летапісе Беларусі шмат слаўных старонак, якія сведчаць, як беларусы пераадольвалі лёсавызначальныя іспыты, дзякуючы свайму адзінству. Адным з самых яркіх прыкладаў сталі падзеі перыяду 1921—1939 гадоў. Па выніках савецка-польскай вайны 18 сакавіка 1921 года ў Рызе быў падпісаны мірны дагавор. Беларуская нацыя і яе этнічная тэрыторыя аказалася падзеленай на часткі.
Польскія ўлады праводзілі ў Заходняй Беларусі палітыку паланізацыі, накіраваную на знішчэнне этнакультурнай самабытнасці беларускага народа. Гэта, у сваю чаргу, выклікала масавае абурэнне нашага народа. Найбольш інтэнсіўнай барацьба была на Беласточчыне і Гродзеншчыне.
17 верасня 1939 года адбылося канчатковае ўз’яднанне беларускага народа ў адзінай дзяржаве, якой на той час з’яўлялася Беларуская ССР. 14 лістапада 1939 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад рэспублікі. Такім чынам тэрыторыя Беларусі зноў набыла цэласнасць, вярнулася ў рэчышча векавой гістарычнай традыцыі.
Сёлета да Дня народнага адзінства нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» зрабіла вялікі падарунак беларускаму гледачу — мастацкую стужку «На другом берегу». Фільм рэжысёра Андрэя Хрулёва расказвае пра жыццёвыя перэпетыі простых людзей Заходняй Беларусі, якія апынуліся пасля Рыжскага мірнага дагавора ў складзе Польшчы, пра іх барацьбу «людзьмі звацца», заставацца беларусамі і адстойваць сваю веру.
Прысутныя мелі магчымасць прагледзець гэту кінастужку, а потым падзяліцца сваімі ўражаннямі ад убачанага на экране.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

