Сацыяльны работнік — складаная, але неабходная прафесія, якая патрабуе не толькі спецыяльных ведаў і навыкаў, высокай кваліфікацыі, але і асаблівага душэўнага складу.
Вольга Козел не адразу прыйшла ў гэту прафесію. Спачатку жанчына працавала ў сферы культуры. На працягу многіх год яна з’яўлялася мастацкім кіраўніком Болкалаўскага сельскага Дома культуры. Па жыццёвых абставінах жанчына ў 1999 годзе разам з сям’ёй пераехала ў Германавічы да маці, якой патрэбна была дапамога. Вырашыла паспрабаваць працаўладкавацца ў сацыяльную службу. Як паказаў час, у выбары новай прафесіі не памылілася.
— Радуе тая акалічнасць, што пажылыя людзі, якіх я абслугоўваю, а на сённяшні дзень гэта дзевяць чалавек, усе добразычлівыя, спагадлівыя, — кажа Вольга. — Жывуць яны ў Германавічах, Болкалах, Цярэшках і Мікіцёнках. Згодна з распрацаваным і зацверджаным графікам некаторых сваіх падапечных я наведваю адзін раз на тыдзень, іншых — два разы, а некаторых — і тройчы за сем дзён. Вось, напрыклад, Аляксандра Давідзян. Калі яна жыла разам з мужам, то сюды я прыходзіла адзін раз у тыдзень, цяпер жа пасля смерці яе спадарожніка жыцця заходжу да сваёй падапечнай тры разы. Безумоўна, ёсць пералік тых абавязкаў, якія павінен выконваць кожны сацыяльны работнік. Гэта і набыццё разнастайных тавараў у краме, лекаў у аптэцы, уборка ў доме, прыгатаванне ежы і шмат іншага. Але акрамя вышэй пералічанага я стараюся быць максімальна карыснай для людзей, якія маюць у гэтым патрэбу.
Калі мы гаворым пра работнікаў сацыяльнай абароны, то часцей за ўсё маем на ўвазе тых, хто аказвае дапамогу на даму людзям, якім патрабуецца догляд. А што патрэбна пажылому чалавеку? Несумненна, клопат, увага, спагада і дабрыня. Усім гэтым шчодра дзеліцца са сваімі падапечнымі Вольга Козел.
— Наша дзейнасць немагчыма без дабрыні, спачування — упэўнена мая суразмоўца, — Нярэдка мы становімся адзінай апорай для пажылых, замяняем іх родных і блізкіх. Аказваем дапамогу самым неабароненым катэгорыям насельніцтва, сярод якіх — сталыя людзі, інваліды, дзеці — усе тыя, каму больш за ўсё неабходны простыя чалавечыя зносіны.
У Вольгі хапае ўласных клопатаў. З мужам Сяргеем выхавалі двух сыноў, маюць унука і ўнучку. Знаходзіць час жанчына, каб не толькі прысвяціць сябе сям’і, але і каб атуліць клопатам і дабрынёй свайго сэрца пажылых людзей. І ў яе гэта выдатна атрымліваецца.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

