З цеплынёй буду ўспамінаць сваю працу

Общество

Страхаванне стала неад’емнай часткай жыцця сучаснага чалавека. Людзі хочуць быць упэўненымі ў сваім будучым, абараніць не толькі маёмасць, але і здароўе. Дапамагае ў гэтым аддзел па аказанні страхавых паслуг па Шаркаўшчынскім раёне прадстаўніцтва «Белдзяржстрах» па Глыбоцкім раёне. А ў ліку лепшых работнікаў аддзела страхавы агент з 13-гадовым стажам работы Ірына Конюхава.

— Прафесію я не выбірала, яна сама мяне знайшла, — з усмешкай расказала мая суразмоўца. — Нарадзілася я ў вёсцы Папкі. Пасля заканчэння Гуркаўскай базавай школы пайшла  вучыцца на бухгалтара ў Полацкі сельгастэхнікум. На працягу 12 год адпрацавала ў Полацкім раёне, а потым па сямейных абставінах вярнулася на малую радзіму. Уладкавалася бухгалтарам у калгас «Маяк». Каля 8 гадоў з’яўлялася  работнікам сталовай у Гуркаўскай школе. У 2010 годзе пайшла працаваць у аддзел па аказанні страхавых паслуг «Белдзяржстрах», і праз некторы час пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Шаркаўшчыну. Зразумела, што новая дзейнасць у якасці страхавога агента была нязвыклай, і многаму давялося вучыцца. Узнікала шмат пытанняў, на якія яшчэ не ведала адказу, адчуваўся недахоп вопыту. Да таго ж, на новым месцы важна было наладзіць кантакт з людзьмі, а менавіта з імі вялася асноўная праца. З часам прыйшоў і вопыт. І зараз людзі часта звяртаюцца да мяне за кансультацыяй. Заўсёды ў такой сітуацыі мы разам імкнемся прыйсці да лагічнага завяршэння — заключэння дагавора. А за гады працы нават склалася кола кліентаў, якія звяртаюцца выключна да мяне, тым самым аказваючы давер як прафесіяналу. Лічу гэта лепшай ацэнкай якасці маёй работы.

Нядаўна Ірына Конюхава адзначыла свой чарговы юбілей і з гэтага года пайшла на заслужаны адпачынак. Як расказала мая суразмоўца, цяпер у яе з’явілася больш вольнага часу, які можна прысвяціць сямейным радасцям і хатнім справам. Жанчына выхавала двух сыноў Дзмітрыя і Ігара, абодва ўжо дарослыя і маюць свае сем’і.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.