У імклівай віхуры падзей, спраў і навін, дзе чалавечыя радасці і трывогі губляюцца ў патоках інфармацыі, а жывыя зносіны выцясняюцца кароткімі фразамі ў сацыяльных сетках, і, здаецца, ні на што не хапае часу, менавіта сям’я застаецца адзіным і надзейным прытулкам для душэўнага спакою і радасці.
Віталь і Марыя Талапіла з вёскі Зорка выхоўваюць траіх дзяцей, сям’ю яны стварылі амаль 10 гадоў назад. Віталь працуе майстрам лесу Германавіцкага лясніцтва ДЛГУ «Дзісненскі лясгас», з’яўляецца актыўным паляўнічым і рыбаловам. За сумленную працу і высокі прафесіяналізм узнагароджаны нагрудным знакам “10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”. Марыя па прафесіі педагог,некалькі гадоў працавала настаўніцай у школах раёна, потым спецыялістам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама. Апошнія 4 гады з’яўляецца кіраўніком спраў Германавіцкага сельвыканкама. У мужа і жонкі адказныя ўчасткі работы, якія, як і выхаванне траіх дзяцей, патрабуюць шмат сіл, увагі і часу. А яшчэ Віталь і Марыя трымаюць дастаткова вялікую падсобную гаспадарку: на падворку утрымліваюцца карова,цяля, парася,куры, дастаткова вялікі зямельны надзел.
Усё паспяваць і спраўяцца з такім аб’ёмам работы , вядома ж, няпроста — заўважае Марыя. — Іншыя скажуць — сабе даражэй. Але, па-першае, траты паступовыя акупаюцца, па-другое — прыемна ўсведамляць, што сям’я спажывае чыстую, не забруджаную хімікатамі прадукцыю. Дый нарэшце — што таксама трэба браць у разлік — дзеці прывучваюцца да працы, каб потым гаспадарамі быць у сваіх сем’ях.
Любоў да працы і сельскага ўкладу жыцця Марыя Талапіла і сама пераняла ў сваіх бацькоў. Казімір і Людміла Буткевічы, якія пражываюць у вёсцы Крапіўнікі Германавіцкага сельсавета, не так даўно адзначылі свае 80-гадовыя юбілеі. Яны ўсё жыццё адпрацавалі ў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна, не шукалі легкага хлеба і заўсёды трымалі вялікую падсобную гаспадарку. Дарэчы, унушальных памераў яна і па сённяшні дзень.
Дзякуючы сваёй працавітасці і настойлівасці, нежаданню апускаць рукі ў невялікай вёсцы Зорка у бацькоўскім доме Віталь і Марыя змаглі стварыць добрыя ўмовы жыцця для сябе і сваіх дзяцей. Старэйшай дзяўчынцы Анастасіі, дачцэ Віталія ад першага шлюбу, зараз 16 год, малодшым Іллі і Паліне 8 і 5.
Анастасія – будучая выпускніца,вучаніца 11 класа Германавіцкай сярэдняй школы. Наперадзе ў яе –няпросты год вучобы, падрыхтоўка да экзаменаў і выбар далейшага жыццёвага шляху. Дзяўчынка добра вучыцца, захапляецца спортам, у прыватнасці валейболам, дапамагае бацькам у хатніх справах і многае паспявае, з’яўляецца лепшым сябрам для малодшых дзяцей.
Ілля перайшоў у 3 клас, хлопчык вельмі любіць чытаць, маляваць, збіраць штосьці з дэталяў канструктара “лега”, праводзіць час з сёстрамі. Палінка, як і многія малодшыя дзеці ў сям’і, абаяльная, усмешлівая і гарэзлівая дзяўчынка, вельмі любіць увагу і актыўныя гульні. А яшчэ — свайго хатняга пітомца, сабаку Берту У наступным навучальным годзе Паліна стане першакласніцай.
—Трое дзяцей у сям’і — гэта вельмі добра і зусім не складана, калі іх правільна выхоўваць, — падзялілася сваімі думкамі Марыя Талапіла. — У асноўным у нас мір і згода, малодшыя дзеці разам гуляюць, многаму вучацца ў Насці, у іх таксама ёсць свае хатнія абавязкі: своечасова заправіць ложкі, сабраць цацкі, не кідаць іх перад сном, куды папала. Сувязь братоў і сясцёр зараджаецца ў раннім узросце і праходзіць праз усё жыццё. Родныя — гэта галоўнае, што ёсць у кожнага з нас. Я гэта добра ведаю, бо ў мяне самой дзве родныя сястры, якія жывуць непадалёку, і гэта самыя блізкія для мяне людзі. Апошнім часам усё больш імкліва паміраюць не толькі вёскі: нас паглынаюць работа, штодзённыя клопаты, часцей за ўсё пустыя, мітусня… І страчваецца нешта важнае, фундаментальнае, магчыма, самае галоўнае… Мы вельмі ганарымся сваёй сям’ёй, бацькамі, якія стварылі моцную сям’ю і больш чым паўстагоддзя пражылі разам.Захоўваем сувязь пакаленняў, яна ў нас вельмі моцная, стараемся часцей сустракацца. Сям’я— гэта галоўнае, што ёсць у чалавека.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.
