Усім вядома, што 86 гадоў назад народ Заходняй Беларусі ўз’яднаўся з суайчыннікамі, якія пражывалі ў БССР.
У населеных пунктах заходняй часткі рэспублікі маюцца плошчы, вуліцы і завулкі, якія названы ў памяць пра тыя падзеі. У нашым раёне ў гарадскім пасёлку, а таксама ў аграгарадку Лужкі ёсць вуліцы з найменнем 17 верасня. Што датычыцца назвы вуліцы ў раённым цэнтры, то калісьці яна была імя Пілсудскага, а ўжо пазней улады змянілі назву. Дарэчы, гэта адна з самых працяглых вуліц Шаркаўшчыны. На ёй размяшчаюцца раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і пажарная аварыйна-выратавальная часць № 1, суд, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раён электрычных сетак, раённы аддзел следчага камітэта, жылыя пабудовы, установы гандлю. У мінулым на вуліцы былі яшчэ рэдакцыя раённай газеты, гарпасялковы Савет дэпутатаў, сярэдняя школа, Шаркаўшчынскі ўчастак Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната.
Ідзе час, мяняюцца падзеі, назвы вуліц. Нязменнай застаецца толькі чалавечая памяць, якая захоўвае моманты жыцця, гісторыю станаўлення і развіцця населеных пунктаў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

