Першынство Іёдскага сельсавета па більярдзе прайшло ў мясцовым СДК

Новости Витебщины

На працягу многіх гадоў у Іёдскім сельскім Доме культуры праводзіцца першынство сельсавета па шашках. А сёлета да гэтай гульні дабавілася яшчэ і спаборніцтва па більярдзе.

— Турнір сельсавета па більярдзе праводзілі ўпершыню, — паведаміў загадчык клубнай установы Аляксандр Пупін. — Гэта стала магчымым, дзякуючы Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутату па Пастаўскай выбарчай акрузе № 29 Ігару Сергяенка. Народны абраннік аказаў садзейнічанне ў набыцці більярднага стала — вельмі патрэбнай рэчы для нашага Дома культуры.

12 чалавек выявілі жаданне прыняць удзел у спаборніцтве — гэта жыхары Іёд, Буеўшчыны, Шаркаўшчыны, прыехалі нават з Германавіч і Лужкоў. Амаль шэсць гадзін працягвалася захапляльная гульня. З вялікім захапленнем яе ўдзельнікі заганялі кіямі шары ў лузы, набіраючы сабе балы. Некаторыя гульцы ўступалі сваім сапернікам. Іншыя наадварот, добра валодаючы тэхнікай, атрымлівалі перамогу ў прамежкавых этапах.

Да заканчэння гульні пачалі вызначацца фаварыты, якія і падзялілі месцы на п’едэстале. Бронзу першынства атрымаў Аляксандр Пятроў, серабро — Юрый Красько, а пераможнае першае месца заваяваў Сяргей Грыц.

Лідарам сярод шашыстаў стаў вучань 5 класа сярэдняй школы № 1 г. п. Шаркаўшчына Канстанцін Сцяпанаў.

Цырымонію ўзнагароджвання правялі старшыня Іёдскага сельвыканкама Іван Пачкоўскі і Аляксандр Пупін. Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і каштоўныя сувеніры, масу станоўчых эмоцый і бадзёры настрой ўдзельнікам і балельшчыкам падарылі работнікі клубнай установы, якія арганізавалі канцэртную праграму.

Сяргей РАЙЧОНАК.