Дзіцячыя пісьменнікі Уладзімір Ліпскі і Леанід Улашчанка наведалі Шаркаўшчыну

Новости Витебщины

Не вельмі часта Шаркаўшчыну наведваюць паэты і пісьменнікі, тым больш дзіцячыя, каб падарыць хлопчыкам і дзяўчынкам незабыўныя хвіліны ад сумесных зносін.

Па папярэдняй дамоўленасці паміж бібліятэкарам Людмілай Казіцкай і дзіцячымі літаратарамі Уладзімірам Ліпскім і Леанідам Улашчанка апошнія адгукнуліся на запрашэнне прыехаць у наш гарадскі пасёлак.

Сустрэча прайшла ва ўтульнай актавай зале сярэдняй школы № 1 райцэнтра. Дзіцячыя гарэзлівыя вочы з вялікай цікавасцю разглядалі мноства кніг, аўтары якіх прысутнічалі побач, а таксама нумары часопіса «Вясёлка». Справа ў тым, што Уладзімір Ліпскі і Леанід Улашчанка з’яўляюцца членамі рэдкалегіі гэтага друкаванага выдання, на старонках якога публікуюцца творы дзіцячых пісьменнікаў.

Літаратары не проста расказалі пра сябе, пра сваю працу і жыццёвыя захапленні, яны ў гульнёвай форме пераказалі пра тое, як складаюцца казкі, дзіцячыя апавяданні, вершы і загадкі. Маленькія шаркаўчане з радасцю выходзілі на сцэну, каб прыняць удзел у гульнях. Кожнаму мінскія госці падарылі на памяць свае друкаваныя выданні. А Уладзімір Ліпскі нават знайшоў у зале дзяўчыну з такім жа прозвішчам, ёю аказалася вучаніца СШ № 1 Валерыя Ліпская, з якою пісьменнік зрабіў памятны фотаздымак.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.