Рэпартаж са жніўных палеткаў аддзялення Вялікае Сяло ААТ «Агратэхсэрвіс»

Сельское хозяйство

перадавы камбайнер гаспадаркі А. У. Рабіза

Нясцерпна пячэ сонца. Тэмпература паветра — звыш за трыццаць градусаў, а ў кабіне камбайна ці аўтамашыны — усе 40. У такіх умовах працы дапамагае кандыцыянер, але не ўсюды ён ёсць. Хто думаў, што будзе такая гарачая ўборачная ў прамым і пераносным сэнсе, таму пры падрыхтоўцы тэхнікі да ўборкі не прадугледзелі  такую акалічнасць. Максімальная вільготнасць зерня не перавышае 16 працэнтаў. Гэта грае на руку хлебаробам- мала даводзіцца дасушваць на збожжатаках.

Цікавіла нас, як жа вядзецца ўборка збажыны ў аддзяленні Вялікае Сяло ААТ “Агратэхсэрвіс”. Дабрацца  да камбайнераў было не так проста. Справа ў тым, што ўборачныя плошчы размешчаны далёка ад  праезджай дарогі ў накірунку да леса. Камбайнеры Андрэй Корсак, Мікалай Грыгаровіч і Алег Рабіза на камбайнах КЗС-12 спачатку, як патрабуе таго тэхналогія, аб’ехалі насенныя ўчасткі пшаніцы, каб не псаваліся пасевы тэхнікай, якая можа перамяшчаецца па краі поля і, па-другое, каб не засмечвала культуру насенне пустазелля, якое расце на абочынах. Справіўшыся з гэтай задачай, усе тры камбайнеры пераехалі на пшанічнае поле ва ўрочышча Пугаўкаў хутар. Пасевы тут аказаліся зрэджанымі, але гэта не расхалодзіла працаўнікоў хлебнай нівы.

Алег Рабіза, вопытны механізатар гаспадаркі, прыпыніўся каля аўтамашыны, якая стала пад загрузку намалочанага зерня, выйшаў з кабіны камбайна, змахваючы рукавом пот з твару паведаміў:

— Ужо і не злічыць, якая для мяне ўборка, але такая спякота выдалася ўпершыню. — Разумеем, што ўбіраць трэба ўсю вырашчаную збажыну, а не імкнуцца адразу на больш ураджайныя плошчы.

камбайнеры аддзялення Андрэй Корсак і Мікалай Грыгаровіч

Крыху воддаль убіралі збажыну камбайнеры Мікалай Грыгаровіч і  Андрэй Корсак. У абодвух з іх камбайны эксплатуюцца пяты сезон. Столькі ж уборачных кампаній на рахунку абодвух механізатараў.

— Яшчэ адзін дзень і мы закончым убіраць азімыя зерневыя ў нашым аддзяленні, — паведамілі камбайнеры. — Пакуль будуць даспяваць яравыя збожжавыя, нас накіруюць у аддзяленне Светлы шлях.

На 4 жніўня ў ААТ “Агратэхсэрвіс” убраны збожжавыя на плошчы 800 гектараў і намалочана 1500 тон збожжа. Азімыя збожжавыя не парадавалі. Усё спадзяванне на яравыя культуры, а яны даспяваюць нядрэнныя.

Кацярына СОСНА, фота аўтара.

вадзіцель на адвозцы збожжа ад камбайнаў Юрый Курачкін


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *