Ці прыходзілася вам, паважаныя чытачы, калі-небудзь быць сведкай жорсткага абыходжання з хатнімі жывёламі з боку несумленных людзей? Лепш не бачыць такіх выпадкаў ніколі, — адкажа большасць з вас. На вялікі жаль, такія здарэнні маюць месца ў нашым грамадстве. Хтосьці можа выкінуць з дому свойскіх катоў, сабак, птушак і іншых братоў нашых меншых, некаторыя прымяняюць для гэтага больш жорсткія меры — закапваюць у зямлю, топяць у рацэ маленькіх бездапаможных кацянят ці шчанят, каб толькі гэтая хатняя жывёла не прыносіла нікому з дамачадцаў якіх-небудзь нязручнасцей. Вось так вельмі проста вырашаецца для многіх гэтая праблема. Існуюць яшчэ і іншыя выпадкі, у выніку якіх гінуць бездапаможныя жывёлы з-за элементарнай чалавечай абыякавасці і нават злосных наўмысных учынкаў па іх знішчэнні. Вось адзін прыклад таму.
У нашу рэдакцыю патэлефанаваў начальнік Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак Віталій Анісімавіч Шарыпа. Прычынай стаў выпадак, які адбыўся на вуліцы 17 верасня райцэнтра насупраць будынка РЭСа. Работнікі арганізацыі сталі відавочцамі таго, як легкавы аўтамабіль на вельмі вялікай хуткасці збіў сабаку. І не проста збіў, а яшчэ, не звяртаючы на гэта аніякай увагі, зачапіўшы жывёлу за кузаў “легкавіка”, працягнуў яе па асфальце больш дваццаці метраў. “Ліхач” нават не прыпыніў аўтамабіль, каб выйсці і паглядзець, што здарылася з сабакам, а наадварот, націснуўшы на педаль газу, прадоўжыў свой далейшы шлях.
Не засталіся ў баку ад убачанага здарэння работнікі РЭСа — бухгалтар Наталля Лагун і электраманцёр Андрэй Заяц. Яны хуценька паспяшаліся да параненай жывёлы, якая ляжала ў канаве і выдавала ад болю пранізлівы брэх. У сабакі было адарвана вуха, пераламаны лапы, часткова адсутнічала скура на галаве. Наталля і Андрэй, ні хвіліны не прамаруджваючы, узялі на рукі небараку, палажылі ў легкавы аўтамабіль і хуценька адвезлі яго ў ветэрынарную лячэбніцу ў Глыбокае. Спецыялісты ўстановы аказалі ўсю неабходную дапамогу па выратаванню сабакі, выпісалі патрэбныя медпрэпараты для далейшага лячэння.
З таго часу прайшло ўжо амаль два месяцы. Наталля самастойна на даму займаецца лячэннем чатырохногага сябра, перыядычна разам з Андрэем возяць яго ў глыбоцкую ветлячэбніцу, паказваюць спецыялістам. На жаль, за гэты час гаспадар выратаванай сабакі так і не знайшоўся. Наталля нават падавала аб’яву ў раённую газету, каб хто-небудзь адгукнуўся і прыняў да сябе гэту хатнюю жывёліну, але — безвынікова. Будзем спадзявацца, што дадзены матэрыял прачытае чалавек, які, як і Наталля з Андрэем, з пачуццём вялікай адказнасці адносіцца да братоў нашых меншых і якому не будзе абыякавы далейшы лёс гэтага сабакі.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Маша, вы не перажывайце, сабака сёння здаровы, вясёлы, любіць пагуляць, пабегаць. Вуха, праўда, няма і прыкульгвае на правую лапу. Астатняе з ім усё добра!
Маша, вы не перажывайце, сабака сёння здаровы, вясёлы, любіць пагуляць, пабегаць. Вуха, праўда, няма і прыкульгвае на левую лапу. Астатняе з ім усё добра!
шкада сабаку