6 чэрвеня — Дзень меліяратара

Актуальное

Вядзецца ўмацаванне берагавой лініі на р. Заходняя Дзвіна
Вядзецца ўмацаванне берагавой лініі на р. Заходняя Дзвіна

Ад шчырай і добрасумленнай працы работнікаў сістэмы меліярацыі напрамую залежаць паказчыкі ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур. Зараз у раёне забалочаныя землі асушаны на плошчы 43 тысячы 709 гектараў, і гэтыя ўчасткі даюць да 50-ці працэнтаў усёй сельгаспрадукцыі гаспадаркам нашага рэгіёну. Таму галоўнай задачай прадпрыемства меліярацыйных сістэм з’яўляецца гаспадарчая дзейнасць, накіраваная на будаўніцтва і ўтрыманне меліярацыйнай сеткі ў спраўным стане, атрыманне прыбытку для задавальнення сацыяльна-эканамічных інтарэсаў арганізацыі. Значны аб’ём работы ў гэтым накірунку быў зроблены працоўным калектывам Шаркаўшчынскага ПМС у мінулым годзе, пэўныя планы стаяць перад меліяратарамі і сёлета.
За 2014 год прадпрыемствам забяспечана выкананне аб’ёму падрадных работ на суму 15 мільярдаў 898 мільёнаў рублёў. Выкананы работы па рэканструкцыі меліярацыйных сістэм на плошчы 527 гектараў. З іх у ААТ “Даватарскі” — 153 гектары, ААТ “Ельня-Агра” — 189 гектараў. 185 гектараў рэканструявана ў Гарадоцкім раёне.
Датэрмінова здадзена ў эксплуатацыю лесагаспадарчая дарога № 13 ДЛГУ “Дзісненскі лясгас” за вёскай Баравое Лужкаўскага сельсавета працягласцю пяць з паловай кіламетраў для зручнасці вывазкі драўніны з лесу і супрацьпажарных мэт. Аб’ект гэты быў уведзены датэрмінова і з добрай якасцю. Меліяратары таксама займаліся падрыхтоўкай палёў для здабычы торфу на аб’екце Скураты. Работнікі Шаркаўшчынскага ПМС правялі дэмантаж невыкарыстоўваемага магістральнага нафтапрадуктаправода “Дзісна—Фаніпаль” на яго 48-кіламетровым участку. У канцы года выконваліся работы па будаўніцтве аб’екта “Рэканструкцыя аб’екта меліярацыйнай сістэмы “Карынка” у ААТ “Буеўшчына”.
Для атрымання дадатковых фінансавых паступленняў Шаркаўшчынскім ПМС заключаны дамоўленасці на пастаўку пілет з прыватным прадпрыемствам “Камплект-М”, з дарожна-будаўнічымі арганізацыямі — на арэнду бульдозераў, экскаватараў і грузавых аўтамабіляў. У зімовы перыяд брыгада работнікаў вяла нарыхтоўку і рэалізацыю драўніны для УКП ЖКГ.
Пэўныя планы перад шаркаўшчынскімі меліяратарамі стаяць і сёлета. Нягледзячы на складанае фінансавае становішча арганізацыі, яе кіраўніцтва і адміністрацыя знаходзяць выйсце, каб трымацца на плаву. Заключана чарговая дамоўленасць з расійскім таварыствам “АШЛАР” на працяг работ па дэмантажы магістральнага нафтапрадуктаправода “Дзісна—Фаніпаль” на 32-кіламетровым участку ў Маладзечанскім раёне. Там працуюць 9 чалавек і 4 адзінкі тэхнікі. Больш дваццаці чалавек і 10 адзінак тэхнікі сёння занятыя на будаўніцтве Віцебскай гідраэлектрастанцыі ў пасёлку Руба. Умацаванне берагавой лініі будучай ГЭС, якой займаюцца шаркаўчане, ажыццяўляецца за фінансавыя сродкі кітайскіх інвестараў, з якімі таксама падпісаны двухбаковы кантракт.
У нашым жа раёне ў мінулым месяцы закончана рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы імя Леніна ў ААТ “Даватарскі” на плошчы 112 гектараў. Зараз аналагічны від работы вядзецца на аб’екце “Карынка” ААТ “Буеўшчына”, дзе патрэбна рэканструяваць старую сістэму на плошчы 393 гектары.
У гаспадарках зараз поўным ходам ідзе зялёная касавіца. Меліяратары таксама як след падрыхтаваліся да касьбы траў. Сем трактараў будуць абкошваць адкрытыя каналы па раёне. У арганізацыі нам паведамілі, што 757 кіламетраў іх будзе абкошана за бюджэтныя сродкі, а 259 — за сродкі сельгаспрадпрыемстваў.

Дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС А. С. Дзіковіч
Дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС А. С. Дзіковіч

Як бачна — працы ў меліяратараў хапае, а значыць, будуць і заробкі. Таму і сустракаюць сваё прафесійнае свята работнікі прадпрыемства аптымістычна. Дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС Анатолій Сямёнавіч Дзіковіч напярэдадні Дня меліяратара адрасуе калектыву падначаленай яму арганізацыі словы вялікай удзячнасці за самаадданую працу, жадае трывалага здароўя, прафесійнага росту, дабрабыту ў сем’ях, людской павагі і разумення.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *