Мікалай Зубовіч адзначаны Ганаровай граматай райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ў органах аховы правапарадку

Общество

Старшыня райвыканкама М. І. Баговіч узнагароджвае М. Я. Зубовіча
Старшыня райвыканкама М. І. Баговіч узнагароджвае М. Я. Зубовіча

Міліцэйскі мундзір на цывільную вопратку змяніў нядаўна Мікалай Яўгенавіч Зубовіч, які працаваў старшым участковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС. Па традыцыі, якая склалася ў райаддзеле, кіраўніцтва і калегі наладзілі ўрачыстае мерапрыемства, каб выказаць яму падзяку за службу. Таксама 24 ліпеня падчас чарговага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта кіраўнік раёна Мікалай Ірынархавіч Баговіч уручыў Ганаровую грамату райвыканкама Мікалаю Яўгенавічу Зубовічу за шматгадовую добрасумленную працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў. Нагодай гэтаму стаў 20 год працоўнай дзейнасці ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, а таксама яго прафесійныя заслугі ў прафілактыцы падлеткавай злачыннасці, працы з моладдзю, абароне праў і законных інтарэсаў юнакоў і дзяўчат.
Неаднаразова ён адзначаўся граматамі, падзякамі ад кіраўніцтва РАУС і ад раённага выканаўчага камітэта за бездакорную службу і узорнае выкананне службовых абавязкаў. Гэта вопытны супрацоўнік, сапраўдны спецыяліст, які перадаваў свій вопыт малодшым калегам, годна нёс званне афіцэра беларускай міліцыі.
Мікалай Яўгенавіч нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Шаркаўшчына ў звычайнай працоўнай сям’і Яўгена Іванавіча і Аліны Уладзіміраўны Зубовічаў, якія выхавалі двое дзетак Віктара і Мікалая.
Магчыма, вернасці выбранай справе паспрыялі і ўрокі, атрыманыя ад сваіх бацькоў: з самага маленства Мікалая выхоўвалі такім чынам, што ён абавязаны быць мужчынам ва ўсім, трымаць дадзенае слова і не адступаць перад складанасцямі.
Скончыўшы ў 1985 годзе СШ № 1, паступіў у Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С. М. Кірава на матэматычны факультэт. Пасля першага курса ў 1986 годзе Віцебскім гарваенкаматам прызваны на тэрміновую службу ў ваенна-паветраныя сілы ў полк сувязі, які знаходзіўся ў Смаленску.
У 1988 годзе працягнуў навучанне, якое паспяхова скончыў у 1992 годзе, атрымаўшы кваліфікацыю настаўніка матэматыкі і фізікі.
Вярнуўся ў родны раён і пачаў працаваць настаўнікам адначасова ў Сталіцкай і Гуркаўскай БШ, дзе выкладаў фізіку і матэматыку, давялося таксама папрацаваць ў Велікасельскай СШ.
У 1995 годзе Мікалай Яўгенавіч пачаў працаваць у Шаркаўшчынскім РАУС, дзе яго абавязкам стала работа з непаўналетнімі. Прафілактыка падлеткавай злачыннасці заўжды застаецца актуальнай справай у грамадстве. Сваёй першачарговай задачай ён вызначыў аказанне падтрымкі і дапамогі падлеткам, каб яны маглі знайсці сваё месца ў жыцці. Тым больш, што асноўная частка непаўналетніх правапарушальнікаў былі з сацыяльна небяспечных сем’яў. А значыць, такім дзецям заўжды патрэбна абарона. Такім прынцыпам кіраваўся Мікалай Яўгенавіч на працягу ўсёй службы, да гэтага ж прывучаў і падначаленых.
Адказнасць, якая ляжыць на плячах кожнага афіцэра, вельмі высокая, таму вельмі важна, каб побач быў чалавек, які б разам перажываў усе радасці і нягоды, перамогі і праблемы. Надзейным тылам для Мікалая Яўгенавіч з’яўляецца яго сям’я. Жонка Таццяна працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1 гарадскога пасёлка.
— Сям’я гэта сапраўды надзейны тыл, — адзначае Мікалай. — І быць разам з маімі роднымі — гэта для мяне найлепшы адпачынак.
І вось 24 ліпеня для Мікалая Яўгенавіча служба скончылася, на заслужаны адпачынак ён ідзе ў званні маёра. Цяпер трэба даць дарогу маладым, упэўнены ён, бо служба ў праваахоўных органах патрабуе шмат сіл і энергіі.
— Дысцыплінаваны, адказны работнік, надзейны таварыш, — так характарызавалі яго начальнік РАУС Сяргей Мікалаевіч Арэшкаў і іншыя калегі, з кім нёс нялёгкую і пачэсную службу, стаяў на варце законнасці і правапарадку. Яны ўпэўнены, што вопыт Мікалая Яўгенавіча будзе запатрабаваны і ў новай справе, якую абярэ гэты чалавек.
Сяргей ВЫСОЦКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *