Бацькі двайнят заўсёды выклікаюць асаблівае пачуццё павагі. Здаецца, што яны сапраўдныя прафесіяналы сярод астатніх бацькоў, бо менавіта ім усё даводзіцца выконваць з двайной нагрузкай. Як ніхто іншы гэта добра ведаюць Андрэй і Алена Юдыцкія, у сям’і якіх выхоўваюцца трое дзяцей, малодшыя хлопчык і дзяўчынка — двайняты.
Шматдзетнай маці Алена стала амаль два гады назад, калі ў сям’і нарадзіліся Іван і Анастасія. Старэйшай дачушцы Жэні, вучаніцы 5 класа, праз тыдзень споўніцца адзінаццаць год. Алена на ўласным вопыце пераканалася ў тым,што быць маці траіх дзяцей — гэта трайное шчасце і адначасова не самае простае ў жыцці выпрабаванне. Безумоўна, складана усё паспяваць,- адзначае маладая жанчына,- але тая радасць, якую атрымліваеш побач са сваімі дзецьмі, намнога большая за цяжкасці, якія кожны дзень даводзіцца пераадольваць. Мыццё бялізны, уборка кватэры, гатаванне ежы, клопат пра сваю вялікую сям’ю — гэта далёка не поўны спіс таго, што неабходна кожны дзень выконваць шматдзетнай маці. Але ўсе цяжкасці паступова знікаюць, праблемы вырашаюцца, бо муж Андрэй — падтрымка і апора ва ўсіх справах.
Будучыя муж і жонка пазнаёміліся 13 гадоў таму на раённым турыстычным злёце, праз год згулялі вяселле. Зараз Андрэй працуе ў Шаркаўшчынскім райгазе кладаўшчыком, Алена пакуль што ў дэкрэтным водпуску. Да нараджэння малодшых дзетак была спецыялістам па сацыяльнай рабоце ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падчас працы ў ТЦСАН набыла вышэйшую адукацыю ,у Мінску закончыла завочнае аддзяленне Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Менеджмэнт. Сацыяльная работа». Сям’я пражывае ў нашым гарадскім пасёлку ў двухпакаёвай кватэры па вуліцы Максіма Горкага. Сапраўдным выпрабаваннем для бацькоў з нараджэннем малодшых дзетак стаў той факт, што знаходзіцца кватэра аж на пятым паверсе, а значыць спусціцца або падняцца па лесвіцы і выйсці на прагулку малышы могуць толькі ў суправаджэнні абодвух бацькоў. У выніку неабходнасці на дапамогу прыходзяць бабулі, якія для шматдзетнай сям’і таксама з’яўляюцца надзейнай падтрымкай.
Старэйшая дачка Жэня — актыўная і творчая дзяўчынка. У мінулым годзе яна з адзнакай скончыла пачатковую школу, зараз вучыцца ў музычнай школе па класе фартэпіяна, займаецца ў спартыўнай секцыі, наведвае нядзельную школу і выступае ў складзе эстрадна-вакальнага дзіцячга гурта «Карамелькі». На ўсё хапае сіл і часу, а галоўнае што ёсць вялікае жаданне ўсім гэтым займацца.
Пра сваіх малодшых дзяцей, Ваню і Насцю, якім яшчэ толькі споўніўся адзін год і восем месяцаў, Алена таксама можа расказваць бясконца. Малышы розныя, не вельмі падобныя паміж сабой. Гарэзлівыя, адкрытыя, непасрэдныя, вельмі часта яны спрабуюць падзяліць адну і тую ж цацку, або адначасова змагаюцца за ўвагу мамы або таты.
Нашу вялікую сям’ю аб’ядноўваюць каханне і клопат, падтрымка і дабрыня. Узаемаразуменне ў сям’і і ўменне дараваць — таксама вельмі важна для гарманічных адносін. Мы разам і ў горы і ў радасці, бо мы — сям’я. І ў гэтым наша сіла і наша самае вялікае шчасце, — напрыканцы нашай размовы паведаміла маці траіх дзяцей Алена Юдыцкая. Менавіта яна напярэдадні Дня маці, які ў нашай краіне адзначаецца 14 кастрычніка, стала лаўрэатам прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка. Віншуем з заслужанай узнагародай і, безумоўна, з Днём Маці!
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
