“Белдзяржстраху” — 95 год

Актуальное

8233 снежня ўсе страхавыя работнікі краіны адзначаюць не толькі сваё прафесійнае свята, але яшчэ і 95-годдзе з дня стварэння кампаніі. Страхавыя паслугі сёння ад імя “Белдзяржстраху” аказваюць “Беларусбанк”, “Белаграпрамбанк”, “Белпошта”, “Белтэлекам” і іншыя. Прыродныя анамаліі, эканамічныя крызісы, жыццёвыя трагедыі і хваробы не выбіраюць паміж беднымі і багатымі, а наносяць свой нечаканы ўдар. Самым даступным у такім выпадку спосабам асабістай фінансавай бяспекі з’яўляецца страхаванне. Чытачам раённай газеты пра дзейнасць аддзела па аказанні страхавых паслуг па Шаркаўшчынскім раёне прадстаўніцтва “Белдзяржстрах” па Глыбоцкім раёне расказвае яго начальнік Валерый Катовіч.

— У рэйтынгу айчынных страхавых арганізацый “Белдзяржстрах” упэўнена займае першае месца па ўсіх паказчыках, маючы сваю шырокую рэгіянальную сетку, якая складаецца з філіялаў, прадстаўніцтваў і аддзелаў па аказанні страхавых паслуг. У нашым раёне гэта аддзел па аказанні страхавых паслуг па Шаркаўшчынскім раёне. Да свайго юбілею мы падышлі з эфектыўнымі паказчыкамі, вялікай базай кліентаў. За пройдзеныя гады назапашаны вялікі вопыт работы з насельніцтвам і суб’ектамі гаспадарчай дзейнасці.

Сёння наша галоўная задача — служыць інтарэсам кліентаў, бо менавіта яны з’яўляюцца фундаментам нашага паспяховага развіцця. Дзякуючы ім і супрацоўнікам арганізацыі “Белдзяржстрах” стабільна ўтрымлівае перадавыя пазіцыі ў сваёй галіне дзейнасці. Мы маем ліцэнзію на правядзенне больш чым 80 відаў страхавання, у тым ліку 65 добраахвотных. Гэта не толькі прывычнае страхаванне маёмасці грамадзян, жывёлы, тэхнікі, помнікаў, але і страхаванне будаўнічых работ, адказнасці і расходаў перавозчыка, страхаванне ад хвароб крэдытаатрымальнікаў і многае іншае. У апошні час з’явіліся новыя запатрабаваныя паслугі — добраахвотнае страхаванне медыцынскіх паслуг, страхаванне ад небяспечных захворванняў, страхаванне грамадзянскай адказнасці жывёл, добраахвотнае страхаванне веласіпедыстаў і іншае.

У нашым калектыве працуюць 7 спецыялістаў і 15 страхавых агентаў. Усе работнікі маюць вялікі вопыт працы. В. А. Пецюкевіч адпрацавала ў нашай арганізацыі 30 год, В. М. Гімбар — 28. Цяжка каго-небудзь выдзеліць з работнікаў, якія з найбольшым стараннем выконваюць свае абавязкі. Слоў удзячнасці заслугоўваюць страхавыя агенты Н. У. Сіповіч, М. Б. Баравік, Н. Л. Сямёнава, В. М. Пяткун, І. М. Конюхава, В. М. Барысава, І. А. Марозава, А. У. Жынь, В. А. Пяткевіч.

За 10 месяцаў бягучага года заключана 13.143 дагаворы страхавання. З іх 9.838 дагавораў па добраахвотных відах, дзе найбольшую частку займае страхаванне пабудоў. Далей ідзе добраахвотнае страхаванне ад няшчасных выпадкаў і хвароб — 3.000 дагавораў, 2.360 — страхаванне хатняй маёмасці і 1.000 дагавораў — страхаванне жывёлы. 1,7 міліярдаў недэмінаваных рублёў выплачана насельніцтву пасля чэрвеньскага і ліпеньскага ўраганаў. Наогул, 2016 год для супрацоўнікаў нашага аддзела стаў сур’ёзным іспытам. Прыродныя летнія з’явы даставілі жыхарам раёна вялікія клопаты. Разбураны былі жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, пашкоджаны аўтатранспарт, траўмы атрымалі людзі. Супрацоўнікі аддзела аператыўна выканалі свае абавязкі. Вялікую дапамогу нам таксама аказалі калегі з Віцебска, Глыбокага, Пастаў, Браслава, Міёр. Літаральна праз 2-3 дні людзі пачалі атрымліваць выплаты па страхаванні. У выніку прыроднай трагедыі ў аддзел паступіла 390 заяў. Выплачана больш двух мільярдаў недэмінаваных рублёў. З-за адсутнасці поліса страхавання многія сутыкнуліся з праблемай аднаўлення страчанага. Маючы толькі дагавор абавязковага страхавання пабудоў, страхавальнікі атрымлівалі 50 працэнтаў ад сумы нанесенай шкоды і толькі па жылым доме. Гаспадарчыя пабудовы ў пералік застрахаваных аб’ектаў у гэтым выпадку не ўключаюцца. Таму, каб усе аб’екты на зямельным участку былі застрахаваны, трэба мець поліс добраахвотнага страхавання.

З нагоды прафесійнага свята і юбілею “Белдзяржстраха” хочацца павіншаваць усіх работнікаў, якія працуюць цяпер і тых, хто ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Жадаю ўсім сваім калегам поспеху і прафесійнага росту, шчасця, здароўя, матэрыяльнага і сямейнага дабрабыту, выдатнага настрою!

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота Алены АНАНІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *