Апошні месяц года стаў для Беларусі не па сезоне анамальна цёплым. Цяжка паверыць, што па календару зіма, а надвор’е восеньскае. Замест снегу ідзе дождж. А 27 снежня зіма пабіла ўсе рэкорды. Як паведамілі сіноптыкі раённай аграметэаслужбы, дзённая тэмпература паветра склала 9 градусаў цяпла пры сярэднясутачнай норме мінус 4—6 градусаў. Ішоў дождж, узмацненне ветру парывамі даходзіла да 20 метраў у секунду.
Страшна было сядзець у доме, калі за акном усё рвала і трашчала, ламала голле дрэў і кідала на зямлю, па шыбах лупіў дождж. У тую і наступную ноч многім давялося ўспомніць, якую вялікую ролю ў жыцці чалавека адыгрывае электрычнасць. А для работнікаў службы электрычных сетак з 27 на 28 снежня была “рабінавая ноч”.
На высакавольтнай электралініі Сасноўская-503 абарвала правады. Начная змена выязной брыгады ў складзе электрыка Сяргея Лапо, шафёра-электрыка Сяргея Цярэшкі і дублёра-электрыка Віталія Лагунова на працягу дзвюх гадзін ліквідавалі непаладкі.
Другая высакавольтная лінія Шаркаўшчынская-501 была пашкоджана ў раёне ДРБУ-26. Там рухнула на правады дрэва. Гадзіна спатрэбілася электрыкам Андрэю Мядзельцу, Юрыю Пундзісу і шафёру-электрыку лінейнай брыгады Сяргею Седзюкевічу, каб зноў загарэлася святло ў вокнах шаркаўчан.
А ў дыспетчарскай РЭСа не змаўкаў тэлефон. З вёсак раёна і гаспасёлка паступалі на пульт кіравання заяўкі: было зарэгістравана звыш 20 званкоў. Не маглі работнікі службы электрасетак пакінуць людзей без электрычнасці. Усю ноч і да самай раніцы рабочыя аператыўнай і лінейнай брыгад ліквідавалі непаладкі. Іх работу накіроўваў дзяжурны дыспетчар В. В. Седзюкевіч. Напрыклад, брыгада ў Германавічах працавала на працягу ўсёй ночы і вярнулася ў арганізацыю толькі ў 9 гадзін.
Да канца наступнага дня ўсе заяўкі грамадзян былі выкананы. Нягледзячы на надвор’е і час сутак, электрыкі працуюць над тым, каб нам было камфортна жыць і працаваць. За гэта ім вялікая ўдзячнасць.
Кацярына СОСНА

