Дырэктар Лужкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Юрый Ціханавіч Пазейчук узнагароджаны Падзякай старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама

Актуальное

289Талент дзяцей не зможа развівацца без мэтанакіраванай работы, прыкладзеных намаганняў, працы з абодвух бакоў — як вучняў так і настаўніка. Калі атрымаецца прывіць маленькім музыкантам любоў да музыкі, інструмента, музіцыравання, ад іх можна многага чакаць. У гэтым упэўнены дырэктар Лужкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Юрый Ціханавіч Пазейчук, які 6 жніўня адзначыў свой 60-гадовы юбілей.

За шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у навучанне дзяцей і ў сувязі з юбілеем Юрый Ціханавіч узнагароджаны Падзякай старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта. На працягу 27 гадоў ён узначальвае калектыў дзіцячай школы мастацтваў і, як адзначае сам кіраўнік, удзячны лёсу за тое, што на доўгія гады аказаўся звязаным з гэтай цудоўнай навучальнай установай. Сям’я Пазейчукоў пераехала ў наш раён з горада Століна Брэсцкай вобласці, бо пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС гэта тэрыторыя аказалася зонай радыяцыйнага забруджвання. Маляўнічы аграгарадок Лужкі са сваёй унікальнай  гісторыяй, прыгожымі дамамі і вуліцамі, і, галоўнае, цудоўнымі людзьмі стаў для героя гэтага матэрыялу другой радзімай. З таго часу прайшло амаль тры дзясяткі гадоў.

У мінулым навучальным годзе  Лужкаўскую дзіцячую школу мастацтваў, разам з яе філіялам у Германавічах, наведвалі 87 дзяцей (а гэта для сельскай мясцовасці нямала), столькі ж прыкладна вучняў прыйдуць на заняткі і ў верасні. У аграгарадку Лужкі створаны два аддзяленні: інструментальнае і мастацкае,  у Германавічах — інструментальнае і тэатральнае.Юрый Ціханавіч разам з іншымі сваімі калегамі-выкладчыкамі ў музычнай школе вучыць дзяцей, праводзіць заняткі па класе баяна. Сярод музычных інструментаў у юных музыкантаў заўсёды запатрабаваны фартэпіяна, акардэон і баян.

— Сярод вясковых дзяцей нямала творчых, адораных і таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з выдатнымі музычнымі  і мастацкімі здольнасцямі, якія неабходна развіваць. Для гэтага і працуюць выкладчыкі Лужкаўскай школы мастацтваў, —адзначыў Юрый Ціханавіч. — Кожны год некаторыя нашы выпускнікі паступаюць у Наваполацкае музычнае вучылішча, для іншых — музыка становіцца проста захапленнем для душы. А ўвогуле хачу сказаць, што дзеці, якія займаюцца ў музычнай школе, з самага ранняга ўзросту  вучацца арганізоўваць сваю дзейнасць. Бо хлопчыкам і дзяўчынкам даводзіцца сумяшчаць урокі ў агульнаадукацыйнай школе з музычнымі заняткамі, планаваць свой час і г. д. А калі сустракаю сваіх былых выпускнікоў, якіх за 27 гадоў работы ў школе было вельмі шмат, заўсёды прыемна бачыць, што яны  дасягнулі поспехаў у жыцці, нават калі і не сталі прафесійнымі музыкантамі.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота Сяргея РАЙЧОНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *