Дапамагчы хворым дзецям можа кожны. А як гэта зрабіць у Шаркаўшчыне чытайце ў гэтым матэрыяле

Актуальное

Рэдакцыйная пошта прыносіць пісьмы самага рознага характару і зместу. А вось ліст, які мы прапануем вашай увазе сёння, вызначаецца сярод іншых самым карэнным чынам. У ім — не ўражанні ад якой-небудзь падзеі, не суб’ектыўнае меркаванне аб той ці іншай з’яве і, нават, не словы падзякі, якія мы, дарэчы, з задавальненнем публікуем на старонках раённага выдання. У гэтым пісьме-закліку да ўсіх нас штосьці значна большае і важнейшае. У першую чаргу — гэта канкрэтная прапанова, якая грунтуецца на ўзважліва абдуманым і прыведзеным у дзеянне рашэнні дзеля самай найвялікшай каштоўнасці ў нашым жыцці — здароўя дзяцей. А па-другое, за радкамі аўтара стаяць такія паняцці як міласэрнасць, дабрыня, суперажыванне, якіх нам сёння вельмі не хапае. На жаль, у мітусні паўсядзённых будняў мы забываемся праяўляць свае найлепшыя чалавечыя якасці і не думаем аб тым, што і нам, магчыма, таксама спатрэбіцца дапамога іншых людзей. А аказаць яе другому чалавеку, нават невядомаму, вельмі проста — трэба толькі захацець гэта зрабіць. А зараз тэкст пісьма:

— Паважаныя жыхары нашага раёна, дазвольце паведаміць вам наступную інфармацыю: з благаславення святара Віктара ў храме ў гонар іконы Прасвятой Багародзіцы “Усіх Смуткуючых Радасць” прыхажанамі арганізаваны збор сродкаў для дапамогі цяжкахворым дзецям на правядзенне аперацый або складанае і доўгае лячэнне, якое патрабуе вялікіх грошай. Такіх сродкаў амаль ніколі няма ў няшчасных бацькоў маленькіх пацыентаў. І бацькі тады вымушаны звяртацца па дапамогу да ўсіх добрых людзей.
У “Беларусбанку” (і, напэўна, “Аграпрамбанку”) адкрыты не адзін дабрачынны рахунак з указаннем захворвання дзіцяці, неабходнай колькасці грошай, патрэбнай для яго выратавання. Гэтыя дакументы зацверджаны ўрачамі. Толькі на гэтай умове можна адкрыць рахунак.
Маецца цэлая папка з дадзенымі аб дзетках, якія маюць патрэбу ў дапамозе добрых людзей.
Усе мы, дарагія чытачы, з большага добрымі людзьмі сябе і лічым. Толькі грошай нам самім шмат на што не хапае. Часцей нават на самае неабходнае, на тыя ж лекі. І таму часцей за ўсё мы вымушаны праходзіць міма гэтых роспачных (уявіце, каб нам прыйшлося быць на іх месцы) крыкаў аб дапамозе. Але ж якіх 2—5—10 тысяч у тыдзень можна знайсці амаль кожнаму, магчыма, не купіць лішнюю булачку або якую салодкасць, якія толькі зубы псуюць ды “фігуру”… Проста з-за 5—10 тысяч не пойдзеш у банк класці грошы на рахунак, стаяць у чарзе. А каб усе пайшлі! Нас жа многа. Вось і дапамаглі б выратаваць не адно дзіцячае жыццё. Менавіта таму мы надумалі збіраць грошы прама ў храме. Для гэтага нават не трэба быць прыхажанінам, не трэба абавязкова быць праваслаўным вернікам. Дастаткова ў нядзелю зайсці бліжэй да канца службы (гадзін каля 11) у царкву і пакласці свой уклад у спецыяльную празрыстую скарбонку. Можна дачакацца заканчэння службы і паназіраць, як грошы будуць пералічаны і абвешчана іх агульная колькасць вусна і пісьмова. А ў наступную нядзелю зранку каля скарбонкі можна будзе ўбачыць і вывучыць чэк, у якім будзе ўказана, на які рахунак для якога дзіцяці і з якім захворваннем пералічаны сродкі. А пасля службы зноў падлік наступнай часткі ахвяраваных грошай у прысутнасці ўсіх жадаючых, абвяшчэнне іх колькасці. І ў наступную нядзелю зранку зноў справаздача ў выглядзе чэка з банка. Магчыма, так мы зможам дапамагчы сем’ям з хворымі дзецьмі. Ды і сабе зможам паказаць, што мы не проста думаем, што мы добрыя і чулыя людзі, а што мы такія і ёсць. Ахвяраваць грошы іншы раз можна і ў суботу. Часта бываюць службы раніцою, яшчэ часцей вечарам. Гэтыя сродкі будуць дададзены да нядзельных, і, безумоўна ж, пералічаны перад усімі ў канцы службы ў суботу з абвяшчэннем выніку. Дарэчы, агульную справаздачу аб сабраных сродках і аказанай дапамозе мы будзем раз пораз змяшчаць і ў нашай раённай газеце.
Упэўнены, што гэтая невялікая дробязь, якую мы не палянуемся аднесці ў храм (а каму-небудзь, магчыма, усё ж зручней прама ў банк), стане той недастаючай часцінкай, якая патрэбна нейкаму дзіцятку для таго, каб ён змог жыць і радавацца жыццю. Памятайце, чужых дзяцей не бывае…
Ад імя прыхажан А. МІЛЯНЦЕЙ.

Зараз час вялікага посту, перыяд духоўнага ачышчэння. Магчыма, для кагосьці з нас менавіта гэтыя дні дадуць штуршок да пераасэнсавання сутнасці нашага існавання, жыццёвых прынцыпаў і каштоўнасцей, стануць пачаткам добрых спраў. І няважна, што гэта будзе — грашовае ахвяраванне хвораму дзіцяці, дапамога па гаспадарцы састарэламу або суседу ці проста маральная падтрымка ў цяжкую хвіліну — галоўнае, каб мы не заставаліся абыякавымі да чужой бяды, імкнуліся рабіць штосьці добрае ад чыстага сэрца і не чакаючы ад гэтага нічога ў замен.
Падрыхтавала Людміла ЛАТЫШОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *