Алгарытм пры выбары катла да нядаўняга часу звадзіўся да простага правіла: калі няма газу, купляй цвердапаліўны кацёл. Іншыя варыянты (напрыклад, электракатлы) для большасці насельніцтва па-ранейшаму не па карману. У апошнія гады ў краіне паспяхова праводзіцца мадэрнізацыя невялікіх кацельных, дзе ўстанаўліваецца больш эфектыўнае абсталяванне — пелетныя катлы. Першай у нашым раёне такую мадэрнізацыю правялі на кацельнай, якая забяспечвае цяплом Іёдскую дзіцячы сад- сярэднюю школу. На сённяшні дзень гэту навучальную ўстанову, акрамя настаўнікаў і абслугоўваючага персаналу, наведваюць 104 дзіцяці. У кацельнай, якая з 2013 года ўваходзіць у склад УКП ЖКГ нашага раёна, некалькі гадоў таму былі ўстаноўлены два новыя пелетныя катлы. Аператарам кацельнай у перыяд ацяпляльнага сезону працуе надзейны, адказны і вопытны работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Іван Сямёнавіч Марозаў.
Больш падрабязна аб перавагах новага абсталявання чытачам раённай газеты расказаў майстар участка цеплаэнергетыкі УКП ЖКГ Пётр Алегавіч Скавырка.
— На пелетах наша кацельная ў Іёдах працуе другі ацяпляльны сезон. За гэты перыяд стало відавочным, што пераход на дадзены від ацяплення дазваляе зэканоміць драўніну і значна ўпрасціць сам працэс нарыхтоўкі паліва. Галоўнае ў рабоце гэтых катлоў —экалагічная чысціня і высокі каэфіцыент карыснага дзеяння — 93 працэнты. У абслугоўванні дадзеныя катлы вельмі простыя. Яны працуюць на аўтаматычным рэжыме. Зараз абслугоўванне кацельнай забяспечвае адзін чалавек, у перыяд моцных маразоў — дастаткова двух работнікаў. У аператара кацельнай — 8-гадзінны працоўны дзень, калі работнік адсутнічае, на цэнтральнай кацельнай у Шаркаўшчыне праз сістэму GSM аператары могуць кантраляваць аўтаматычную работу кацельнай у Іёдах. Такі зручны працэс дазваляе скараціць колькасць работнікаў да аднаго-двух чалавек, зэканоміць значныя грашовыя сродкі.
Самі ж пелеты (драўняныя гранулы), як від паліва, уяўляюць сабой спрасаваныя пад высокім ціскам адыходы драўніннай вытворчасці: апілкі, стружку, дранку. У параўнанні з дровамі ў пелетах у тры разы менш вільгаці, таму і гараць яны, як паказвае практыка, значна лепш — пры гэтым выдзяляецца амаль удвая больш цяпла. І чысціць такі кацёл трэба толькі раз у тыдзень. Пелеты ўжо не першы год вырабляюць беларускія дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы розных форм уласнасці. Шаркаўшчынскае УКП ЖКГ закупляе дадзены від паліва ў сваіх калег з Лепеля, а таксама на невялікім дрэваапрацоўчым прадпрыемстве ў Плешчаніцах. Як сучасны від паліва — пелеты ўжо даказалі сваю эфектыўнасць. Самае складанае закупіць неабходнае абсталяванне: пелетныя катлы пакуль што даражэй за звычайныя, цвердапаліўныя. Зараз работа Іёдскай кацельнай аналізуецца. Калі будзе відавочны яе эканамічны эфект, магчыма і іншыя невялікія кацельныя раёна з цягам часу будуць пераведзены на пелеты — сучасны від паліва. Як адзначаюць спецыялісты, з імі ацяпленне як у рэкламе: “засыпаў — і забыўся”. І ў кацельнай заўсёды чыста і ўтульна. Адно цяпло.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



