
Па вуліцы Вадап’янава ў гарадскім пасёлку пражывае Анфіса Аляксееўна Фядотава. Жанчына нядаўна адзначыла сваё 90-годдзе. За плячамі гэтага чалавека няпростае жыццё, у якім былі і нястачы, і голад, і цяжкая праца.
Нарадзілася і амаль усё жыццё Анфіса Аляксееўна пражыла ў вёсцы Астаноўка Більдзюжскага сельсавета. Часы дзяцінства і юнацтва гэтай жанчыны прыйшліся на ваеннае ліхалецце і перыяд аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Усё жыццё Анфіса Аляксееўна адпрацавала ў калгасе на паляводстве. Сама навучылася шматлікай сялянскай працы, у тым ліку і мужчынскай. Часы былі такія, што нават і жанчыны павінны былі ўмець і касіць, і ўзворваць глебу, і трымаць шматлікую хатнюю жывёлу.
Анфіса Аляксееўна нарадзіла і выгадавала сына і дачку, шчыравала дзеля іх дабрабыту. Лёс распарадзіўся так, што ў дадзены момант яна пражывае ў Шаркаўшчыне. Набыла тут прыватны дом з невялікім прысядзібным участкам, на якім вырошчвае агародніну, расце тут і садавіна. А яшчэ Анфіса Аляксееўна займаецца развядзеннем кветак, высаджвае прыгожыя клумбы. Непадалёк ад юбіляркі пражывае Міра Іванаўна Багданава. У мінулым яны з’яўляліся аднавяскоўкамі. Міра Іванаўна кожны дзень наведвае Анфісу Аляксееўну, каб дапамагчы ёй у клопатах па гаспадарцы, наогул, пагутарыць, каб пажылому чалавеку было на сэрцы і душы цяплей і весялей.
Старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Філатава напярэдадні юбілею наведала Анфісу Аляксееўну, каб выказаць словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў у адрас паважанага чалавека. Імянінніца была вельмі ўзрадавана такім шчырым адносінам і павазе з боку прадстаўніка грамадскай арганізацыі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
