Спартсмены-навучэнцы аддзялення лёгкай атлетыкі Шаркаўшчыскай ДЮСШ паспрабавалі свае сілы, прыняўшы ўдзел у першых спартыўных стартах сезона.
23 красавіка шаркаўшчынская каманда з’ездзіла на адкрытае першынство Полацкай ДЮСШ па лёгкай атлетыцы. У склад нашай каманды ўвайшлі Аляксей Арлоў, Мікіта Пяткевіч, Вольга Буйчонак, Лізавета Ласоўская, Мікіта Кагалеўскі, Даніла Касевіч, Эсфір Абрамачкіна, Максім Грыгаровіч, Юлія Сямчонак, Дзіяна Бучынская, Кірыл Абрамчык, Руслан Нікалаёнак, Дар’я Сямчонак, Косця Калтыжанкоў, Павел Касцюкевіч.
Поспеху ўдалося дасягнуць Кірылу Абрамчыку і Руслану Нікалаёнку, якія занялі адпаведна трэцяе і другое месцы ў спартыўнай хадзьбе на дыстанцыі 2000 метраў. Абодвух трэнеруе Пётр Рубніковіч.
А 27 красавіка на спартакіяду ДЮСШ Віцебскай вобласці ў абласны цэнтр адправіліся шаркаўшчынскія спартсмены 2006-2007 гадоў нараджэння. Мікіта Гінько (трэнер Сяргей Вашкель) заняў 3-е месца ў бегу на 300 метраў, Паліна Цярэшка (трэнер Пётр Рубніковіч) стала трэцяй у кіданні кап’я, Кірыл Абрамчык заваяў серабро ў спартыўнай хадзьбе на дыстанцыі 5 км і бронзу – на дыстанцыі 3 км, Руслан Нікалаёнак быў трэцім у спартыўнай хадзьбе на дыстанцыі 5 км.
– Звазілі нашых выхаванцаў на гэтыя спаборніцтвы, – кажа дырэктар Шаркаўшчынскай ДЮСШ Аляксей КУРАЧОНАК, – каб яны паспрабавалі свае сілы, паспаборнічалі пасля перапынку з равеснікамі з іншых спартыўных школ. Наперадзе нас чакае ўдзел у новых стартах.
Андрэй БУРЭЦ.
